Маю журналісцкі дыплём. Але сталым журналістам так і не папрацаваў. Калі
ў мяне пытаюцца, чаму так сталася, згадваецца першы выпадак майго знаёмства
з тым, што ёсьць савецкая журналістыка. Мой першы журналісцкі досьвед.
Было гэта гадоў 25 таму. Тады я вучыўся ў 9-й клясе і мерыўся паступаць
на факультэт журналістыкі. Прыйшоў у рэдакцыю сельгасадзьдзела аб’яднанай
газэты “Сьцяг камунізму” да загадчыка, які мне на той час спрыяў, друкаваў
у газэце мае вершыкі.
Я папрасіў у яго заданьне. “Едзь, Пятро, у саўгас ды папытайся ў знакамітай
даяркі-рэкардысткі пра тое, як яна рыхтуецца сустрэць 24 зьезд КПСС,”-
сказаў загадчык.
І вось я, гараджанін, упершыню трапляю на фэрму. Бачу вялікую колькасьць
жывёлаў. Найбольш мяне ўражвае вялікая колькасьць гною. Спрабую лавіраваць
паміж каровамі, каб не запэцкаць свае новыя штонікі. І размаўляю з даяркай,
якая на ўсе мае роспыты пра падрыхтоўку да 24-га зьезду КПСС адказвае з
уздыхам: “Якія кармы, такія й надоі”.
У гэты час, калі мы размаўлялі пра кармы, адной карове, мусіць, забалеў
жывот, і яна плюхнула як раз каля маіх чаравікаў. Я паўзіраўся, што ж гэта
за кармы, і пабачыў зялёныя кучы сіласу. Такія сьмярдзючыя, што аж ноздры
рвала.
Тое, што каровы елі, было надта падобнае на тое, што пасьля зь іх выходзіла.
Яшчэ мне запомніліся сумныя-сумныя вочы адной з кароваў-рэкардыстак.
Прыехаўшы дахаты, я цэлы вечар шрайболіў інтэрвію з даяркаю. Не забыўся
й на 24 зьезд КПСС. У той час мы верылі ва ўсемагутную сілу зьездаў, якія
прымушаюць і кароў даіцца інакш.
Былі там і досыць і дзіцячыя пытаньні, на якія даярка адказвала. Прыкладам,
ці слухаюцца яе каровы. Гэты матэрыял я спачатку паказаў загадчыку адзьдзела
культуры. На сёньня – знакамітаму паэту. “Малайчына, Пятро, - пахваліў
мяне загадчык адзьдзелу культуры, - вельмі добра й жыва, толькі тое, што
пра зьезд – сухавата”.
“Малайчына, Петрык, - пахваліў мяне і загадчык сельгасадзьдзелу, узяў
чырвоны аловак і ўсё тое, што я пытаўся ў даяркі – пра кармы і пра каровы
– выкрэсьліў чырвоным алоўкам. Засталося толькі пра зьезд.
Ад гэтага моманту я адчуў, якая гэта цяжкая прафэсія – быць савецкім
журналістам. І хаця паступіў на журфак і атрымаў журналісцкі дыплём, журналіст
савецкі і сапраўдны зь мяне так і не атрымаўся. Пайшоў у літатарурную крытыку,
бэлетрыстыку.
А калі ў мяне пытаюцца, чаму не пайшоў у журналістыку, мне згадваюцца
сумныя-сумныя вочы каровы-рэкардысткі.
Пятро Васючэнка
Самае папулярнае
1