Я раскажу, як я стаў жулікам.
Я нарадзіўся ў сям’і, у якой было 11 дзяцей, і пасьля вайны засталося
нас шасьцёра. Тыя, хто хадзіў у школу да вайны, скончылі толькі 4-7 клясаў
– далей ня мелі магчымасьці вучыцца і таму так і засталіся харошымі людзьмі,
спэцыялістамі, але без адукацыі. А мы, малодшыя тры браты, мелі такую магчымасьць
і таму пайшлі ўсе вучыцца.
Я ня ведаю, якая мяне муха ўкусіла (у нас у Беларусі ў кустах шмат мух),
– захацелася мне пайсьці ў артысты, ну і я накіраваўся ў Беларускі тэатральна-мастацкі
інстытут на акторскае аддзяленьне. Не паступіў. Быў такі выдатны пэдагог
Саньнікаў. Ён мне сказаў: “Ідзі падрасьці, яшчэ малаваты”.
Ну і пайшоў я працавць. А працаваць я пайшоў выхавальнікам у дзіцячы
сухотны дыспансэр. У мяне гэтая праца пайшла на выдатна і мне рэкамэндавалі
паступіць ва ўнівэрсытэт, далі накіраваньне і гэтак далей. Я паехаў паступаць.
Зноў у тэатральна-мастацкі інстытут.
А малодшы брат адразу пасьля школы паступіў у тэхналягічны. І вось мы
ходзім і па дарозе сустракаемся раніцай. Ён мяне пытае: “А што гэта ты
ўвесь час у бок Опэрнага тэатру ходзіш?” Я пастаяў і думаю, што трэба ж
некалі прызнавацца, што паступіў я ў тэатральны, а не ва ўнівэрсытэт –
дома ж думаюць, што я ва ўнівэрсытэце. Я кажу: “Вучуся я ў тэатральным
інстытуце”. Ён усьміхнуўся, памаўчаў і ў наступны выходны паехаў дадому
ну і расказаў бацькам, вядома, дзе я вучуся.
Бацька ў мяне быў такі чалавек гарачы – быў паручнікам царскай арміі.
Ён пабегаў па хаце туды-сюды, пасьля кажа: “Хрэн зь ім, у мяне дзяцей многа,
няхай адзін будзе жулікам!”
Вось так я і стаў жулікам. Ужо 40 гадоў прайшло, як я працую ў тэатры
і зьяўляюся прафэсарам Акадэміі мастацтваў – вучу гэтай прафэсіі іншых
таленавітых дзяцей.
Фама Варанецкі, Менск
Самае папулярнае
1