– Напрыканцы 45-га году – гэта ўжо пасьляваенны час – у пэдвучэльнях гарадоў
Паставы й Глыбокае група юнакоў і дзяўчат заснавалі патрыятычную студэнцкую
падпольную арганізацыю пад назовам СБП (Саюз Беларускіх Патрыётаў). Задачы
нашыя былі выключна, як бы цяпер мовіць, адраджэнцкія.
Наша арганізацыя даволі доўга пратрымалася. Арышты распачаліся ў 1947
годзе. Судзіў нас ваенны трыбунал МВД у Менску і яшчэ другі суд адбыўся
ў горадзе Полацку. Судзілі на вельмі вялікія тэрміны. Я таксама атрымала
тэрмін 25 гадоў. Адбывала сваё пакараньне ў мардоўскіх лягерох.
Тое, што перажытае і перапакутаванае, я ня буду пра гэта згадваць –
гэта незагойная рана на ўсё жыцьцё. А я распавяду пра першы дзень сваё
волі.
У час адлігі хрушчоўскае прыяжджалі камісіі, якія ўжо датэрмінова вызвалялі.
Чарга дайшла й да мяне. Адкрылі перад намі браму. Азірнуўшыся апошні раз,
сэрца зашчымела ад болю і я заплакала. Я разьвітвалася са сваёй маладосьцю.
Там засталіся мае лепшыя гады – назаўсёды ў турме за кратамі.
Павезьлі нас на станцыю Поцьма. У чаканьні цягніка я пайшла ў невялічкую
краму. І тут падзадорылі мяне, што прадаюцца батоны. Я ж ніколі ў жыцьці
ня бачыла тых батонаў. Мне здавалася, што гэта нейкія заморскія фрукты,
накшталт бананаў. І вось прыйшоўшы ў краму, я папрасіла ў прадаўшчыцы:
“Дайце мне, калі ласка, кіляграм батонаў!” Прадаўшчыца, прыняўшы гэта за
жарт, так ўсьміхнулася, а потым кажа: “А мы прадаем іх паштучна”.
Я тут крыху разгубілася – якія ж гэтыя штукі, і колькі ж іх браць? Каб
жа замала ня было і каб жа задужа ня ўзяць? Праўда, грошы нам далі – па
30 рублёў на дарогу, але баялася, каб мне хапіла разьлічыцца за гэтыя батоны.
І прадаўшчыца выкладвае на прылавак адзін за другім… даўгаватыя булачкі
з папярэчнымі ўмяцінамі. І я разгубілася. Ледзь ня войкнула ад зьдзіўленьня.
Але ж, як бы ні ў чым ні бывала, разьлічылася. Бяру ў абярэмак гэтыя булкі
і – ходу хутчэй да сваіх. Тут раздаю ўсім і усе мы вельмі сьмяемся над
гэтым. Рагаталі доўгі час.
А я ж адначасна й задумалася: “Якіх жа дзікуноў з нас зрабілі за гэтыя
8 гадоў, што я тут прабыла?” А потым падумала: “Магчыма ж будзе шмат такіх
прыгод”. І сапраўды, гэтак і было, пакамест я увайшла ў нармальную каляіну
жыцьця.
Вось такім застаўся першы дзень маёй волі ў памяці маёй назаўсёды.
Алеся Умпіровіч
Самае папулярнае
1