Я хацеў бы расказаць пра адну зь вельмі цікавых сустрэчаў у сваім жыцьці,
якая перавярнула ўсё ў маім сэрцы, і дзякуючы якой я стаў сьвядомым беларусам,
гісторыкам, архэолягам, а потым і дзеячом беларускай палітыкі.
Гэта была сустрэча са спадаром Мікалаем Улашчыкам – “Тытанам” беларускай
гістарычнай думкі ХХ стагодзьдзя. Перад гэтым я прачытаў шмат ягоных працаў
і вельмі хацеў убачыць гэтага чалавека. Я дакладна ведаў, што ён жыў у
Маскве побач зь Беларускім вакзалам, аднак неяк не выпадала да яго зайсьці.
Я быў маладым, саромеўся, хоць і меў адрас. Зь ім сябраваў мой старэйшы
сябра Міхась Ткачоў. Неяк ён мне затэлефанаваў і кажа: “Алег, Улашчык у
Менску”. І з падачы Ткачова Ўлашчык згадзіўся са мной спаткацца. Я гэтай
сустрэчы ніколі не забуду. Яшчэ магу параўнаць яе толькі з сустрэчай з
Ларысай Геніюш. Вось гэта дзьве асобы, якія і зрабілі зь мяне беларускага
гісторыка.
Калі мы сустрэліся з Улашчыкам, мы праседзелі зь ім цэлы вечар, дзесьці
гадзіны тры, можа, чатыры. Першае маё пытаньне было, як ён выжыў ва ўмовах
Гулагу – ён быў двойчы арыштаваны, – і як ён стаў доктарам навук. Ён сказаў,
што калі ён быў на Калыме, на лесапавале і ўвесь час пілаваў сосны, ён
пад час гэтай працы пісаў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. “Я не сумняваўся,
– сказаў ён, – што Беларусь будзе адроджаная, я не сумняваўся, што я выйду”.
Гэта яго захоўвала. Ён расказваў, што як толькі чалавек губляў мэту жыцьця
– ён тут жа паміраў, і ўсе ведалі, што ён памрэ.
І вось калі першы раз Улашчык выйшаў, ён прыехаў у Маскву з напісанай
ужо ў галаве кандыдацкай дысертацыяй. Праседзеўшы другі раз, ён прыйшоў
з доктарскай дысертацыяй.
І вось гэты чалавек, які, дарэчы, адзіны ў маім жыцьці размаўляў са
мной на старой беларускай мове 16 стагодзьдзя – ён мог на ёй размаўляць
і размаўляў – я адразу ўбачыў жывога Льва Сапегу. Уяўляеце? Чалавек размаўляе
нязмушана на мове канца 16 стагодзьдзя. Я быў проста ў захапленьні. Я і
зараз з такім вялікім гонарам захоўваю кніжку з аўтографам Улашчыка.
І пасьля гэтага я зразумеў, што трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз
працаваць, і што толькі тым, хто працуе, дазволена зьдзейсьніць сваё жаданьне.
Так яно і атрымалася ў маім жыцьці. Усё, што я хацеў зрабіць, напрыклад,
у архэалёгіі, архітэктуры, тыя мэты, якія я ставіў, фактычна, усіх іх я
дасягнуў, дзякуючы спадару Улашчыку.
Алег Трусаў
Самае папулярнае
1