Гадоў 70 таму на Случчыне, удалечы ад вялікіх дарог, сярод лясоў і балацявін
тулілася невялікая вёска Буда Грэская. Мелі на стале хлеб і да хлеба, рабілі
ўсё самі, парабкаў не наймалі, ды нібы чума нейкая накацілася бальшавіцкая
калектывізацыя, а разам зь ёй гэтак званае раскулачваньне. Усчаліся высылкі
сялян на поўнач Расеі ці ў Сібір, зьдзекі і гвалты, спусташэньне вёсак.
Памятаю, як аднойчы матуля сказала мне: “Хадзем, сынок, у Буду, трэба
правесьці людзей у дарогу, разьвітацца зь імі”. Ад нашага хутару Буда Грэская
была недалёка, і мы пайшлі туды. Вёска нагадвала патурбаваны муравейнік:
мітусіліся людзі, сюды-туды снавалі міліцыянты ды іхныя памагатыя – вясковыя
актывісты. Над вёскай луналі плач і галашэньне. З хат выносілі клункі і
мяхі і ладавалі іх на вазы. Памятаю, мяне вельмі зьдзівілі нейкія дошчачкі,
якія былі прывязаныя да кожнага мяшка ці клунка. Я спытаўся з дзяціннай
цікаўнасьцю ў матулі, для чаго гэтыя дошчачкі. “На дошчачках напісана,
чые гэта мяхі, каб не згубіліся потым у дарозе,” – патлумачыла яна мне.
Тых, каго высылалі, сталі зганяць да вазоў. Адна нямоглая бабуля, якую
валаклі з хаты, ўчапілася за парог, крычала: “Не паеду, нікуды не паеду,
лепш забеце мяне тут!” Нарэшце абоз з плачам пад канвоем міліцыянтаў вырушыў
у дарогу. Аднавяскоўцы праводзілі няшчасных аж за аселіцу.
А вясковыя актывісты тым часам не марнавалі часу. Яны шнырылі ў пакінутых
хатах і грэблі ўсё, што засталося там.
Уратавацца ад высылкі ўдалося толькі Юстыне Нямковіч. Яна была ўдава.
Адзіны яе сын, Вецік, меў усяго толькі 16 гадоў. Таму і даводзілася наймаць
каго-небудзь, каб узараць палетак, пасеяць збажыну, пасадзіць бульбу, накасіць
сена. Вось за гэта і трапіла кабета ў сьпіс кулакоў, якія падлягалі высылцы
ў далёкія мясьціны. Відаць адчуваючы нядобрае, удава атправіла сына да
сваякоў у Ленінград. І калі пачалося раскулачваньне, яна ўцякла з дому,
хавалася ў знаёмых. Міліцыянты і актывісты ганяліся за ёю як за дзікім
зьверам. Усё шукалі яе, ды не знайшлі. Казалі, што яна потым падалася кудысьці
ў Расею.
З 22 хатаў у вёсцы 5 хат апусьцелі. У адной зь іх асталявалася кантора
новастворанага калгасу “Чырвоная Кветка”, у другой сьвінаркі гатавалі корм
для калгасных сьвіньняў. У трох астатніх пасяліліся прыезжыя аднекуль людзі.
І зажылі людцы калгасным жыцьцём. За працу ад цямна да цямна ў доўгі летні
дзень ім давалі па 300 грамаў збожжа, у якім палова было герсы, а за каласкі,
якія людзі зьбіралі на калгасным полі – 5 гадоў турмы.
Казалі, што прыходзілі з-за Ўралу лісты, у якіх сасланыя землякі прасілі
прыслаць ім хоць крыху сухароў, сушанай бульбы альбо хоць чаго, чым можна
было ўратавацца ад галоднае сьмерці. Далейшы іх лёс невядомы – ніхто адтуль
не вярнуўся.
Пасьля вайны мне даводзілася сустракаць людзей, якія хваліліся тым,
што яны раскулачвалі, і казалі яны пра гэта з такім гонарам, нібыта зьдзейсьнілі
гераічны подзьвіг пры штурме Кёнігсбергу ці Бэрліну.
Алесь Траяноўскі
Самае папулярнае
1