На пачатку 90-х гадоў адзін з нашых сябраў, а тады мы былі ў маладзёвай
арганізацыі “Талака”, запрасіў нас на Каляды да сваіх сваякоў у маленечкую
вёску пад Ліду. Мы сабралі кампанію, у нас была зорка, маска казы, калядныя
песьні, вітаньні гаспадароў, гаспадыні, дачкам, ягоным бацькам, і паехалі
ў гэтую вёску.
Нас вельмі гасьцінна сустрэла гаспадыня, патлумачыла, у якія хаты можна
заходзіць, дзе жывуць дзяўчаты, дзе маленькія хлопчыкі, каб было ведама,
дзе якія песьні сьпяваць. І з гэтым маладым чалавекам, родныя якога жылі
ў гэтай вёсцы, мы пайшлі па хатах. Нас сустракалі вельмі гасьцінна, радваліся,
частавалі – усё як належыць. Адзінае, што ў адной хаце мы пабачылі, як
фіраначкі на вакне таргануліся, нейкі твар мільгануў праз шкло, фіранкі
зацягнуліся, і нам ніхто не адчыніў. Гэта быў адзіны выпадак.
На раніцу з гаспадыняй мы пайшлі ў царкву. Ужо ўсе вёскі навакольныя
ведалі, што ў гэтую вёску прыяжджалі калядоўшчыкі, жанчыны і сталыя кабеты
пыталіся, ці можам мы прыйсьці да іх у хату пасьпяваць. А адна маленечкая
бабуля спыніла нас ля царквы і сказала:
– Ой, дзеткі мае, каб я ведала, што гэта вы прыходзілі. Вы ж учора грукаліся
да мяне, а я сьпевы пачула, фіранку адчыніла, гляджу – людзі стаяць, сьпевы
гучаць, зорка… Я падумала, што ўсё, прыйшла мая сьмерць, паміраць мне ўжо
трэба, гэта анёлы зь неба спусьціліся. Бо з 39-га году, як камуністы ўжо
прыйшлі, зорак ужо не хадзіла, ніхто не сьпяваў. Я падумала, што гэта мне
перад сьмерцю такое відовішча…
А калі мы ўжо ехалі назад, жанчыны ўжо ў нас пыталіся
– Вы калядоўшчыкі? Прыходзьце да нас у вёску…
Мы ўжо ад’яжджалі, заняткі ўжо пачыналіся ў некаторых, на працу трэба
было. Нас прасілі пасьпяваць хоць у аўтобусе, частавалі чым маглі, бо лічылася,
што калядоўшчыкаў абавязкова трэба пачаставаць, даць нейкі падарунак. Адна
жанчына сказала:
– У мяне нічога няма. Вось дзьве капеечкі ляжыць, вазьміце хоць іх.
І вось тыя дзьве капейкі былі для нас самым дарагім калядным падарункам
у тым годзе.
Алена Ткачова, Менск
Самае папулярнае
1