Мая мама памерла зусім маладзенькай кабетай, не дажыўшы нават да 30 гадоў:
паталягічная цяжарнасьць, давялося рабіць складаную апэрацыю, якую рабіў
Клумаў. Тады я Клумава ня бачыў, як мама ляжала ў шпіталі, толькі чуў дужа
пра яго. Апэрацыя прайшла добра, нармальна, але потым было заражэньне крыві.
Антыбіётыкаў у той час не было, выратаваць яе не ўдалося. І ўзімку 1940
году, ў фінскую вайну, у страшэнныя тыя маразы, калі па Беларусі вымерзьлі
сады, мама памерла…
І вось недзе ўжо вясной 41 году, перад самай вайною, ехаў я з бабуляй
Гэляй, мамінай маці, ў трамваі, і ў трамвай зайшоў нейкі чалавек: стары,
саламяны капялюш трымаў у руцэ, – і бабця мяне схапіла так за руку і громка
сказала: “Patrz, Walus, to jest morderca twojej mamusi. Zapamientaj jego
twarz”. Я сумеўся і, нават, не зразумеў, чаму гэты чалавек – забойца маёй
маці, і чаму я павінен запомніць яго твар. А пазьней бабка сказала, што
гэта Клумаў.
А тады, як той чалавек гэта пачуў, ён адразу сышоў на наступным прыстанку.
І хто мог падумаць, што ў час вайны, у 42 годзе, я зноў сустрэнуся з гэтым
чалавекам.
Мяне, хлапчука, пасылалі зь некаторымі даручэньнямі людзі зь беларускага
падпольля, у прыватнасьці, жанчына такая была – Надзея Міхайлаўна Баўбель.
Яна мяне паслала па пэўным адрасе, я ня ведаў, да каго я іду. Трэба было
перадаць адну такую ўмоўную фразу. Сэнс гэтай фразы цяпер, нават, і ня
важна ўспамінаць. Але чалавекам, да якога я прыйшоў, аказаўся той самы
Клумаў.
Ён потым распытваў мяне, хто мае бацькі, як я жыву, з кім я жыву, і
я не адважыўся, ня змог сказаць яму, што гэта ён рабіў некалі апэрацыю
маёй маме, праз што яна і памёрла. І вось я сядзеў, а ён мяне, хлапчучка,
зацягнуў літаральна сілай да сябе на кухню, пачаставаў гарачай гарбатай
з цукрам, з добрым, сапраўдным хлебам, чаго я ня бачыў ад пачатку акупацыі
ў вочы, і так я яму і не сказаў, якім чынам ягонае імя зьвязанае з маёй
маці, зь яе лёсам. І пайшоў. Ён на разьвітаньне даў мне вялікую лусту хлеба.
І вось як жыцьцё завяршае такія сюжэты. Нядаўна мне давялося хадзіць
да маёй жонкі, якая ляжала ў шпіталі, у 3-й клінічнай лякарні імя Клумава.
Звычайна не зьвяртаеш на гэта ўвагу. А вось як пачаў зараз хадзіць, раптам
паглядзеў на гэтыю шыльду, дзе напісанае гэтае імя, і разгубіўся – неяк
ударыла як маланкай і ў памяці, і ў сэрцы. Прамільгнула ўся гэтая гісторыя.
Клумаў быў растраляны ў 44-м годзе. Ён быў схоплены гестапа, калі правалілася
менскае падпольле, ў 42-м годзе. Ён быў закатаваны, нікога ня выдаў, ніводнага
прозьвішча не назваў, і быў растраляны.
І вось так ягоны лёс і ягонае імя назаўсёды для мяне павязаныя з маёй
мамай, з маім дзяцінствам даваенным, ваенным і пасьляваенным маім жыцьцём.
Валянцін Тарас
Самае папулярнае
1