На ўсё жыцьцё запомнілася мне лета 44 года. У той час мы з бацькамі жылі
ў вёсцы Кавэрляны, што ля Фаніпаля.
Бацька мой быў сувязным у партызанскім атрадзе імя Суворава Сталінскай
партызанскай брыгады – чым мог дапамагаў партызанам. Але адзін паліцай
яго здаў немцам. Арыштавалі бацьку, зьбілі, а нас з усёй сям’ёй адвезьлі
ў канцлягер, што быў у Койданаве. Там ужо было многа такіх як мы, зьняволеных.
Я ня ведаю, што было б з намі, каб не наступ Чырвонай арміі.
Ішло вызваленьне Беларусі. Аднойчы раніцай мы ўбачылі, што ніводнага
немца не было ў гэтым канцлягеры: яны зьбеглі, бо ўжо зусім блізка былі
нашыя салдаты.
Людзі пайшлі хто куды. Бацьку везьлі на падводзе, маці і я ішлі побач.
Ішлі мы праз балота. І памятаю гэты сьпякотны дзень і тое, як цёпла было
нагам ад гэтага балота, ад тарфяніку.
Калі вярнуліся ў вёску, ўжо нашыя салдаты былі тут, і адно нейкае падразьдзяленьне
вайсковае разьмесьцілася ў былым калгасным садзе каля рэчкі. Мы, малыя,
з цікавасьцю назіралі за салдатамі. А яны бралі нас да сябе на калені,
нешта давалаі. А мне падарунак аднаго салдата да гэтага часу перад вачыма
стаіць. Маленькі кавалачак белага шоўку ад парашута ён мне даў. І я яшчэ
доўгі час насіла гэты кавалачак шоўку на галаве замест хустачкі.
Шмат гадоў мінула з той пары, але і той сьпякотны дзень, як мы вярталіся
з канцлягера, і тое, як нашыя салдаты прыйшлі, – усё стаіць перад вачыма.
Сьвятлана Шынкевіч
Самае папулярнае
1