Я вось успамінаю, нават жывёлу ніколі не называлі чалавечымі імёнамі. Карову
называлі “Лялька”, і мая дачка яе падпасвала. Дабрэнная, таўшчэнная, такая
вялізная, добрая карова, якую трэба было яшчэ пасьвіць ды пасьвіць, каб
яна наелася і прынесла тыя поўныя тры вядры малака.
І сталася так, што матуля ў больніцу трапіла – пнэўманія, запаленьне
лёгкіх – гэта цэлы месяц. Біліся-біліся сёстры мае малодшыя з гэтаю кароваю,
і напярэдадні ўжо вясны, напрадвесьні, узялі тую карову ды прадалі… Не
прадалі, а здалі ў калгас.
Гэтая кароўка, як трапіла туды, то адбылася такая гісторыя. Па-першае,
калі яны паведамілі матулі ў больніцы, то зь ёю здарыўся сардэчны прыступ
– ледзь адратавалі бабулю маю. А потым прыйшла яна дахаты – пусты хлеў
зеўрае расчыненымі дзьвярмі. А я якраз ішла ад электрычкі туды, дахаты.
І бачу (а ўжо траўка зялёная) – імчыцца тая Лялька, схуднелая, гарбатая,
рэбры тырчаць, нясецца з пашы – уцякла ад калгасных кароў да свайго дому.
Пакуль я ўжо дабегла насустрач, у двары ўжо такая была карцінка – бабуля
плача горкімі сьлязьмі, а карова Лялька, паклаўшы галаву на плячо… я ніколі
ня бачыла сьлёз у жывёлы, а тут – сьлёзы ну як бабіны.
А тут наганяе пастух гэтую карову, улятае ў двор з лямантам, з гвалтам,
дзікімі словамі крые гэтую карову і гэтую бабулю, да якой карова ўцякла.
Баба Валя выхапіла ў таго дрын ды чуць пастуху не дала па гарбу. Карову
напаіла, накарміла, размаўляе зь ёй. Я слухала, толькі збоку ўжо назірала:
“Ты ўжо, Лялька, выбачай, ты ўжо даруй нам. Ня маю я сіл ні карміць, ні
паіць, ні ваду цягаць ад калодзежа – далёка. Пацярпі, патрывай там”.
Лялька прывяла ў калгасе двух цялят, двойню. Гэта напярэдадні, вось
напрадвесьні, здалі цельную карову – гэта дзіва было, гэта жах быў для
матулі і аднавяскоўцаў. Двое цялят, але такую дойную карову, з такім вялізным
вымем, якая ніколі ня бачыла гэтай мэханічнай дойкі, раздаіць не ўдалося.
І яна на халоднай падлозе атрымала гэты так званы мастыт, расхварэлася
і здохла тая кароўка.
Ну а матуля? Матуля таксама гэтую страту ня вытрымала, расхварэлася
яшчэ болей – трэцяе запаленьне лёгкіх. Гэты боль быў ад таго, што памяняла
яна радзіму мілую на месца пастылае. Як і кароўцы нельга адрывацца ад дому
свайго, ад хлява свайго, так і бабулі маёй, адарванай ад Гродзеншчыны,
ад Любанічаў любімых, і пераехаўшы быццам бы недалёка, у той жа Беларусі,
– ня здолела яна, ня вытрымала, ня выжыла яна тут, не прыжылася. Такая
вось гісторыя.
Галіна Суша
Самае папулярнае
1