Я хачу распавесьці пра часы, калі на Беларусі панавала такая хвароба, як
малярыя. У Менску была створаная малярыйная санэпідэмстанцыя. Бацька мой
узначальваў яе і быў галоўным лекарам. Лічыцца, што пераносчыкам малярыі
зьяўляецца камар, а там, дзе балаты – дык там і гэты назойлівы, пісклівы
драпежнік.
Недзе адразу пасьля вайны была наладжаная экспэдыцыя на Палесьсе з мэтай
ліквідацыі гэтай хваробы. Чамусьці ў экспэдыцыі адпраўлялі з сем’ямі. Ад
пачатку зь Менску ў Пінск дабіраліся двухматорным самалётам Лі-2, далей
ехалі грузавіком. Было лета і падарожжа было даволі цікавае. Калі ўжо прыехалі
на месца прызначэньня ў глухую палескую вёсачку, дык некаторыя людзі, якія
ўпершыню ўбачылі машыну, палохаліся і называлі яе самакатам.
У экспэдыцыі даводзілася працаваць усім, нават і дзецям. Разносілі па
хатах такія вельмі горкія жоўтыя таблеткі – акрыхін, якія палешукі ня вельмі
хацелі ўжываць. Калі яны бачылі, што мая маці з дзецьмі адпраўляецца па
хатах, дык хаваліся ад нас у склепах. Але маці мая была даволі дужай жанчынай,
і часам жыхарам сілком даводзілася ўжываць тыя лекі.
Але больш за акрыхін палешукі баяліся саветаў. Кажуць, што калі іх запісвалі
ў калгасы, дык некаторыя зь іх уцякалі ў лес і стваралі групы так званых
лясных братоў. Побач была Ўкраіна і пра бандэраўцаў таксама ўсе ведалі.
Хваробы дапякалі ўсіх, бацьку даводзілася аказваць дапамогу розным людзям,
усім, хто да яго зьвяртаўся. Мабыць, сярод іх былі і лясныя браты. Залішне
казаць, што гэта было небясьпечна. Дзячылі вельмі шчыра, вёдрамі – вядро
тварагу, вядро сьмятаны, вядро яек, вядро мёду.
Неяк даволі хутка малярыя ў Беларусі зьнікла, а станцыю давялося зьліквідаць.
Алесь Шатэрнік, Менск
Самае папулярнае
1