Гэта было ў 1954 г. у адным з канцлягераў Кемераўскай вобласьці. За маім
уцёкам назіралі некалькі зьняволеных, і адзін зь іх потым пры сустрэчы
расказаў мне пра тое, чаго я ня бачыў сам.
Гэта было каля 4 гадзінаў дня. Мне трэба было пералезьці цераз некалькі
платоў, якія акалялі зону. Я падбег да першага плоту, перакінуў лесьвіцу.
Ахоўнік схапіўся за зброю.
На другім плоце мая лесьвіца зламалася, і я на плоце павіс, але стральбы
ня чуў. У ахоўніка на вышцы быў аўтамат і карабін. Але аўтамат не спрацаваў.
Ахоўнік схапіў карабін. У гэты час я падцягнуўся і пераваліўся цераз
плот. Спрабаваў бегчы, але, абясьсілены, пайшоў. Кулі з грохатам праляталі
каля маіх вушэй. Дзіўна: далей кулі пасьвіствалі, а каля вушэй – грымелі.
Я ішоў і бачыў, як сьпераду мяне кулі ўздымалі пыл. Я зайшоў за кусты
і зьнік з вачэй ахоўніка. Гэта быў лепшы стралок дывізіёну, салдаты казалі,
што ён мог пацэліць у муху. Чаму ж Бог не дапусьціў ягонай кулі бліжэй
да маіх вушэй?
Перш, чым уцякаць, я схіліў перад Богам калені і сказаў: “Божа, калі
заб’юць – прымі душу маю. Калі ж табе заўгодна – зьберажы жыцьцё маё”.
Нашто спатрэбілася яму маё сягоньняшняе жыцьцё?
Я быў злоўлены ў Алтайскім краі: там выдаў мяне адзін са зьняволеных,
які некалі бачыў мяне – мы сядзелі разам. Ён дапамагаў адміністрацыі –
адным словам, быў стукачом. Ён мяне, як кажуць, залажыў, мяне арыштавалі,
і так скончыўся мой уцёк.
Потым, калі мяне злавілі, я сустрэў ахоўніка выпадкова. Вялі з нашага
лягеру калёну на працу. Сьпераду ішоў той самы ахоўнік, які стаяў на вышцы
і па мне страляў. Ён, убачыўшы мяне, схапіўся за зброю і хацеў тут жа прыкончыць
мяне. Але яму не далі. Ён быў поўны лютасьці, хаця мне было проста шкода
яго за гэта. Вось так Бог бярог мяне.
Эрнст Сабіла
Самае папулярнае
1