У 1948-м годзе, пасьля заканчэньня на “выдатна” тэхнікума ў Берасьці, я
паступіў у маскоўскае ВНУ. Тым часам у заходніх рэгіёнах БССР доўжылася
гвалтоўная калектывізацыя з ужыцьцём самых розных мэтадаў шантажу й прымусу,
а на аднаасабнікаў накідваліся вялікія падаткі. Апрача падаткаў, кожна
аднаасобнік павінен быў нарыхтаваць 15 кубоў лесу ў год у аддаленым леспрамгасе.
Адзін з правяральшчыкаў, пабачыўшы ў маёй маці даведку аб выкананьні
лесанарыхтовак, нахабным голасам паведаміў, што лесу нарыхтавана мала і
ўручыў новае патрабаваньне аб дадатковай нарыхтоўцы 75 кубоў лесу. Празь
некалькі дзён маці пісьмова паведамілі, каб яна зьявілася ў райвыканкам.
Там яна была арыштаваная і асуджаная з канфіскацыяй маёмасьці, улучна з
хатай. Такім чынам, мой малодшы брат, вучань восьмае клясы, апынуўся на
вуліцы бяз сродкаў існаваньня.
Праз год пасьля таго мяне паклікалі ў дырэктарат, дзе сакратарка ўручыла
паперку, у якой паведамлялася, што я выключаны са сьпісу студэнтаў без
усялякай матывацыі прычыны. Я пайшоў у аддзел кадраў, каб забраць дакумэнты.
Кіраўнік аддзелу выдаў мне асабовую справу, дзе быў падшыты ліст з райвыканкаму.
У лісьце апісвалася матэрыяльнае становішча нашай сям’і за часамі польскай
адміністрацыі, канстатаваўся факт нашага знаходжаньня на акупаванай тэрыторыі,
згадвалася матчына адмова ўступаць у калгас і выпіска з судовай пастановы
з-за адмовы ад выкананьня лесанарыхтовак.
У лісьце таксама паведамлялася, што я ня маю права быць савецкім інжынэрам
і што кіраўніцтва інстытуту мусіць выключыць мяне з ВНУ і прыслаць у райвыканкам
копію адпаведнага распараджэньня. Кіраўнік аддзелу прапанаваў мне напісаць
заяву на імя дырэктара інстытута, які меў генэральскае званьне. У заяве
павінна была фігураваць фраза аб “восстановлении в рядах студентов вверенного
Вам института”.
Прачытаўшы заяву, дырэктар не задаў аніводнага пытаньня, узяў сіні аловак
і па дыяганалі напісаў: “восстановить”.
Я прынёс заяву з рэзалюцыяй кіраўніку аддзелу. Ён загадаў супрацоўніцы
яго перадрукаваць і наступным ранкам я, як заўсёды, прыйшоў на заняткі.
Асноўнай прычынай таго, што я застаўся студэнтам, былі мае выдатныя
адзнакі за першы год навучаньня. Я вельмі ўдзячны гэтым людзям за іх дабрыню
і мужнасьць, якія яны выявілі ў жорсткія часы сталінскіх рэпрэсіяў.
Уладзімер Рэмеш, Менск
Самае папулярнае
1