Камісар думае, што я вельмі добры хлопец, вельмі пранямецкі. Ён запрапанаваў
мне паехаць у Нямеччыну, каб паглядзець, што там робіцца. Я ўхапіўся за
гэтую ідэю – хацеў паглядзець, што робіцца з тымі, хто паехаў дабраахвотна
на працу. Я згадзіўся паехаць у Прусію. Ён кажа: “Тут ты вольны, ад Кёнігсбергу
можаш ехаць куды хочаш”.
У першую чаргу паехаў туды, дзе быў маленькі лягер, дзе я працаваў на
фарме, і была дзяўчына прыгожая там, між іншым. Хацеў паглядзець, але яна
ўжо замуж выйшла, дзіця было, дык ужо запозна. З гэтым кончана.
Я паехаў на захад Нямеччыны і пайшоў у лягеры. Што я там убачыў? Жыды
насілі нашытую зьвязду, а нашыя “Ost”. Яны былі лічаныя горш як скаціны.
Яда была страшэнная, праца была 14 гадзінаў і больш у дзень, і я быў страшэнна
ўзбураны, бо як іх мабілізавалі туды, казалі, што будзем з вас новыя кадры
рабіць – мэханікаў, сьлесароў… Такія надзеі былі.
І як я вярнуўся дадому, першая рэч – у сэмінарыю, дзе былі мае кадры.
Сэмінарыя – гэта ўвесь раён будзе знаць, яны з усіх раёнаў былі. Гэта быў
уікэнд. Сказаў: “Ідзіце на вёскі, і каб ніхто, абсалютна ніхто не ішоў
на работу ў Нямеччыну дабраахвотнікамі, а калі каго будуць змушаць – уцякайце.
Каб не было вас там”.
Гэты мамэнт камісару дайшоў да вушэй. І за пару дзён я атрымаў паперку,
маўляў, вы больш ня ёсьць работнікам, усе прывілеі, якія вы мелі, адбіраюцца,
зброю я ня мог насіць тады. Лічыў, што мяне скора арыштуюць.
Але як я быў у Нямеччыне, я купіў “Майн кампф”. Я ня мог яе купіць,
дастаць на тэрыторыях акупацыйных. “Майн кампф” я прычытаў, і тады было
выразна – канец, мы – гэта ёсьць гной для нямецкай культуры, яны палітычна
не разьвяжуць праблемы беларускай, значыць, трэба рабіць нейкую акцыю.
Барыс Рагуля
Самае папулярнае
1