Пра тое, што мой тата – палкоўнік НКВД, я даведалася, калі яго хавалі ў
1973 годзе. Да нас перыехалі бацькавы сваякі з Масквы і амаль адразу сталі
пытацца, дзе бацькава золата. У бацькі засталіся два імянныя гадзіньнікі
і Зорка Героя. Яны не паверылі – як, яго ж полк высяляў татараў і чачэнцаў.
Я кінулася глядзець даведнік… Так я даведалася, што ў часе вайны ён камандаваў
290-м палком НКВД, вызваляў Малую зямлю і там жа атрымаў Героя Савецкага
Саюза.
Я любіла свайго бацьку нейкай шалёнай любоўю. Калі мне споўнілася 13
год, адзін зь яго сваякоў расказаў мне, што з бацькам ваявала жанчына,
лекар, яго ППЖ, якая нарадзіла мяне паміж баямі, і мяне з параненымі байцамі
пераправілі на вялікую зямлю ў дзіцячы дом. Хутка маці загінула – я нарадзілася
ў 1943 годзе. Пасьля вайны бацька доўга шукаў мяне і, нарэшце, ў 1946 годзе
знайшоў мяне недзе пад Кіевам.
Бацька вярнуўся да сваёй даваеннай жонкі, мяне ўзялі зь дзіцячага дому,
і маці, якая выхавала мяне, ня ведала, што я дачка свайго бацькі.
Першыя тры гады змыліся з маёй памяці, але я часта бачу ў сьне, як мы,
малыя дзеці, сьпім упоперак вялізнай койкі і трымаем адно аднаго за патыліцу.
Я і зараз магу заснуць толькі тады, калі трымаю свайго мужа за патыліцу.
Яшчэ адзін сон: я кудысьці іду, а калі пазіраю назад, бачу шмат дзіцячых
галоваў, я іду з бацькамі, а яны застаюцца.
І яшчэ гэты ж сваяк (ён глядзеў на мяне зусім белымі вачыма – такія
я бачыла потым у вужакі) сказаў мне, што жонка бацькі не хацела, каб мяне
забіралі з дзіцячага дому. І я ў 13 год моўчкі, ніколі не спытаўшы ні аб
чым у сваіх бацькоў, адраклася ад сваёй маці. Я стала замкнёнай, нешта
ў мяне ўнутры зламалася. Маці так ніколі і не даведалася, што са мной здарылася.
Яна вельмі смуткавала, а я нічога не магла з сабой зрабіць. Потым яна захварэла,
і калі мне было 19 год, яна памерла.
Праз два месяцы бацька ажаніўся. Мая маці была Марыя Паўлоўская, і бацькава
другая жонка таксама была Марыя Паўлоўская. Яна была на 25 год маладзейшая
за бацьку, і бацька прымусіў мяне пайсьці з дому, сказаўшы, што я дарослая
і павінна сама ўладкоўваць сваё жыцьцё. Так у 19 год я засталася зусім
адна, без даху над галавой.
І тым ня менш, я адчуваю вялікую ўдзячнасьць сваім бацькам за ўсе 16
год, якія яны мяне выхоўвалі, за музычную школу, за вялізную бібліятэку,
за іх цярплівасьць да майго нясьцерпнага характару. І я да гэтага часу
адчуваю вялікі сум, што я ніколі не запытала, хто мае бацькі і хто я, адкуль
я, і ўсё сваё жыцьцё я намагаюся адказаць на адно пытаньне – навошта я?
Ніна Піскарова
Самае папулярнае
1