У шасьцідзесятыя гады пасьля заканчэньня інстытуту мяне ськіравалі на работу
ў Данбас. На вугальную шахту. У апошнія гады кіраваньня Хрушчова я працавала
на пасадзе намесьніка галоўнага інжынэра плянаваньня.
Трэба адзначыць, што Хрушчова вельмі не любілі ў Данбасе. Ня толькі
рабочыя. Рабочым проста пры ім зьніжалі стаўкі аплаты працы. Але не любіла
таксама й інтэлігенцыя. Бо паўсюль былі разьмешчаныя ягоныя прамовы, партрэты.
У кожным кабінэце павінен быў вісець ягоны партрэт.
Аднойчы ў кабінэт галоўнага бухгальтара прывезьлі новы сэйф. А кабінэт
быў побач з маім. Калі гэты сэйф ставілі, ён так грукнуў аб сьцяну, што
ў маім кабінэце зваліўся партрэт Хрушчова. А вісеў ён за маёй сьпіной.
Добра, што не папаў па галаве.
Партрэт быў увесь у пылу. Яго нават брыдка было ўзяць у рукі. Тады,
каб яго зноўку ня вешаць, я ўзяла партрэт за вяроўку і выцягнула ў калідор.
І там прапанавала гэты партрэт бухгальтару за два хуткасшывальнікі.
Не пасьпеў бухгальтар адказаць на маю прапанову, як мы заўважылі парторга
шахты. І ён пачуў мае словы. А тады была мода прызначаць парторгаў з рабочых.
Як вядома, рабочыя ня вельмі шанавалі ітээраўцаў.
А наш парторг увогуле не любіў людзей адукаваных. Тут яшчэ яму выпала
праявіць сваю пралетарскую пільнасьць. Ён мне важна паведамляе: “У чацьвер,
на паседжаньні парткаму, будзе пераглядацца вашая асабістая справа. Як
Вы мянялі першага сакратара КПСС на два хуткасшывальнікі. Мяркую, што Вам
больш ня прыйдзецца працаваць на Вашай пасадзе. З камсамолу мы Вас таксама
выключым”.
Гэта была насамрэч сур’ёзная пагроза. Бо ў такім выпадку я б не змагла
ўладкавацца на працы па маёй спэцыяльнасьці. Наогул не змагла б уладкавацца.
Я была проста ў адчаі. І з жахам чакала чацьвяргу.
А праз два дні пасьля гэтага выпадку прагучала па радыё інфармацыя пра
адстаўку Хрушчова. Такім чынам не адбыўся разгляд маёй пэрсанальнай справы.
Усе весяліліся, жартавалі, што я разьвянчала культ асобы Хрушчова раней
за Палітбюро.
Ларыса Пятрова
Самае папулярнае
1