Гадоў 10 таму сёньняшні Старшыня Беларускага Саюзу фальклярыстаў Васіль
Літвінка запрасіў мяне ў сваю родную вёску на вясельле сваяка. І ён мне
сказаў: “Бярэш білет на цягнік, даяжджаеш да станцыі, выходзіш, а там цябе
сустрэнуць”. Што я і зрабіў.
Прыяжджаю позна вечарам. Выходжу на пэрон – ніводнага чалавека. Ніхто
мяне не сустракае. Ад Менску, канешне, гэта далёка – Палесьсе (лішне казаць).
Выходжу на прывакзальную плошчу, бачу: стаяць дзьве машыны. У адной
адгадваю машыну, якая належыць Васю Літвінку. Ну і адразу – палёгка на
сэрцы. Але, ізноў такі, у ёй нікога няма. Побач стаіць маленечкі такі везьдзеходзік
– “Уазік”. Чалавек там ёсьць. Падыйшоў, адчыніў дзьверцу. “Добы вечар”,
– кажу. “Мне кажуць – добры вечар”. “Ты да Васі?” “Да Васі”. “Сядай”. Сеў.
Чалавек за рулём кажа: “Адчыні бардачок”. Я адчыніў. Кажа: “Дастань бутэльку”.
Я дастаў. “І дзьве шклянкі”, – адразу наступная прапанова. Я дастаў. Ён
так зубамі выцягнуў газэціну, якой рыльца бутэлькі было закрыта, разьліў
па поўнай “малінкоўскай” шклянцы. Чокнуліся, і ён сказаў коратка: “Вып’ем.”
Выпілі. Ён сказаў: “У бардачку яблыкі – дастань”. Я дастаў. Дзьве вялізныя
антонаўкі – см-м-мачныя! Справа была позьнім кастрычнікам. Такія духмяныя
яблыкі! Ён кажа: “Закусім”. Закусілі. Пажавалі гэтыя яблыкі, той кажа:
“Закурым”. Дае мне цыгарэціну – “Прыму” (лішне казаць). Закурылі. Адну
зацяжку зрабілі. Другую. Паўза такая павісла. Потым ён працягвае руку,
кажа: “Віця”. Я паціснуў ягоную руку, кажу: “Дзіма”. Ён пытаецца: “Дзіма,
ты хто?” Я кажу: “Я – журналіст. На вясельле прыехаў”. Ён кажа: “Я таксама
на вясельле. А сам я – начальнік раённага выцьвярэзьніка”…
Ну, для мяне гэта, канешне, была такая нямая паўза. Ён (Віця) працягвае
далей: “Зараз Вася прыйдзе. Мы дамовіліся, што паедзем да яго ў вёску,
возьмем гарэлкі, дзяўчат і паедзем да мяне на працу”. Я кажу: “Як – на
працу?” Ён кажа: “Ну так – элемэнтарна – да мяне на працу. Я сёньня даў
загад каб нікога не прывозілі. У нас будзе ціха, спакойна. Мы там пасядзім,
пасьпяваем, вып’ем. Усё будзе добра”.
Ну, у рэшце рэшт, дачакаліся Васіля, паехалі ў гэтую вёску. Дзяўчат
мы не знайшлі. Гарэлку, праўда, знайшлі.
Ну і скончылася тым, што вырашылі ня ехаць у раённы выцьвярэзьнік, а
паехаць на мяжу з Украінай, каб адзначыць вось такое братняе суіснаваньне
двух народаў.
Вот, уласна кажучы, і ўся гісторыя. Толькі што мушу згадаць, што вясельле
было яшчэ наперадзе. А гэта была такая невялічкая ўвэрцюра да ўсяго гэтага
палескага вясельля.
Дзьмітры Падбярэскі
Самае папулярнае
1