96-ты год буду доўга згадваць з болем у сэрцы – таго году пасьля ганебнага
рэфэрэндуму былі забароненыя нашыя самыя прыгожыя ў сьвеце сьцяг і герб.
Тады, у сьнежні, прыйшоў да мяне мой сябар Уладзя Губскі і кажа: “Да нас
у Полацак едзе Данчык – будзе даваць канцэрт у гарадзкім палацы культуры”.
Неўзабаве Ўладзя прынес квіткі на данчыкавы канцэрт і прапанаваў заявіцца
ў залю зь бел-чырвона-белым сьцягам. Я зьняў сьцяг са сьцяны – у нас у
Полацку ён ёсьць у кожнага шчырага беларуса – і мы пайшлі на канцэрт.
У фае палаца культуры сабралася процьма народу, а ў залі тым часам ужо
расстаўлялі прыстаўныя крэслы. Тут жа даведаліся, што паглядзець на Данчыка
прыехалі нават зь іншых раёнаў. Мы пайшлі да сваіх крэслаў, і тут я ўбачыў,
што на маім крэсьле сядзіць наш мясцовы кампазытар Мікола Пятрэнка – аўтар
славутых “Ручнікоў”. Заўважу, што гэтая песьня працяглы час лічылася народнай.
Ідзеш, бывала, па вуліцы, а з расчыненых вокнаў ліецца: “У суботу Янка
ехаў ля ракі…”
Карацей, павітаўся я і сеў поруч з кампазытарам, падумаўшы, што той
пераблытаў месцы. Неўзабаве на сцэну выйшаў Данчык, і пачаўся канцэрт.
І тут я міжволі згадаў, як да нас прыяжджаў гурт “Васілёк” з Амэрыкі. Як
файна танчылі і сьпявалі маладыя хлопцы ды дзяўчыты! Які натхнёны настрой
панаваў у залі, уквечаным бел-чырвона-белымі сьцягамі. Гэта ніколі не забудзецца.
Данчык прасьпяваў свае песьні, пачаў разьвітвацца з слухачамі, але з
залі крыкнулі, каб ён прасьпяваў гімн “Магутны Божа”. Але Данчык угледзеў
у першым радзе Пятрэнку і выгукнуў: “Засьпяваю вам “Ручнікі”. І прасьпяваў
– шчыра і пранікнёна.
А прыкладна празь месяц я даведаўся, што Мікола Пятрэнка пакінуў гэты
сьвет. Пачуўшы гэтую горкую навіну, я падумаў: вось бы і мне пры канцы
жыцьця хтосьці б прасьпяваў нашую беларускую песьню і памахаў на разьвітаньне
бел-чырвона-белым сьцягам.
Васіль Падасетнікаў, Полацак
Самае папулярнае
1