Здарылася гэтая гісторыя ў 80-х гадах пад час маёй камандыроўкі ў Сынгапур.
За савецкім часам камандыровачным савецкім людзям грошай выдавалі даволі
мала, яны ставіліся да гэтай сумы вельмі ашчадна ды імкнуліся да апошняй
капеечкі патраціць там на падарункі сям’і, дзецям, сябрам. Ну, адпаведна,
і я так дзейнічала.
Быў апошні дзень маёй камандыроўкі, усе справы мы ўжо закончылі, падаруначкі
ўжо купілі, але мы з сяброўкай памяталі, што кожны дзень мы праяжджалі
паўз вельмі незвычайны індуісцкі храм, які ўвесь быў у рознакаляровых скульптурах.
Мы езьдзілі паўз яго кожны дзень і плянавалі, што зойдзем у яго і паглядзім,
як ён выглядае знутры. Такі храм мы бачылі ўпершыню. І вось да адлёту самалёта
заставалася больш чым паўдня, рабіць не было чаго – усё перароблена, трэба
толькі чакаць самалёта, і мы зь ёй пайшлі ў той храм.
Прыйшлі туды, бачым, на прыступках гэтага храму стаіць цэлы шэраг абутку
наведвальнікаў. Мы таксама зьнялі чаравікі, памятаючы, што ў чужы кляштар
ня ходзяць са сваім статутам. Пайшлі, усё агледзелі, паглядзелі хто дзе
сядзіць, як моліцца, якія скульптуркі… Доўга не затрымаліся там, выходзім
– а чаравікаў нашых няма. Я ніколі ў жыцьці не адчувала сябе так жахліва,
бо пэрпэктыва дабірацца да аэрапорта басанож, а потым яшчэ так прыехаць
у халодную восеньскую Маскву – была не зь лепшых.
Мы знайшлі служыцельку храма, спыталі ў яе што здарылася, напэўна, скралі
наш абутак. Яна кажа, не, ня скралі. Завяла нас за вугал, а там штосьці
накшталт камэры захоўваньня. Гэта значыць, нашыя чаравікі проста падабралі,
каб яны нікуды ня зьніклі, а, можа, зарабіць проста хацелі сынгапурцы.
І жанчына нам працягвае чаравікі і кажа, што за іх трэба заплаціць столькі
і столькі, за захоўваньне. Тут яшчэ нас апанаваў жах, бо ў кашальках у
маёй сяброўкі і ў мяне, мы лічылі, не заставалася ані шэляга. Я стала ліхаманкава
цяміць, што б прыдумаць: можа прапанаваць ім свой гадзіньнік ці яшчэ нешта…Трэба
ж выкупіць назад свае чарвікі. Але тут знайшлі мы нашыя савецкія сувэніры,
сяброўка яшчэ знайшла некалькі капеечак. Так што мы хоць з цяжкасьцю, але
абутак выкупілі.
Але вось гэты жах – застацца за мяжой дзесьці бяз грошай, такі савецкі
жах, застаўся ў мяне на ўсё жыцьцё.
Таісія Мішчанка
Самае папулярнае
1