Я была вучаніцай пятага клясу сярэдняй школы горада Слуцка, старшынёй савету
атрада, выдатніцай, вельмі харошай піянэркай. Аднойчы да нас у школу прыехаў
“собкор” “Пионерской Правды” па Беларусі. Такі Марозаў. Я запомніла, што
ён – Марозаў, таму што пасьля прачытала яго кніжку “В разведку шёл мальчишка”.
Кніжка пра Марата Казея.
Яго накіравалі ў лепшы піянэрскі атрад школы, да нас. І мы пачалі расказваць
яму пра нашыя піянэрскія справы. А ў той час у нас быў цімураўскі атрад
у клясе. Слуцак – невялікі гарадок, дамы там прыватныя, і ў адным зь іх
жыў дзед Грыша, стары такі дзядок. Мы хадзілі дапамагчы яму прыбраць хату,
памыць посуд. Дзяўчаты, канешне, з задавальненьнем дапамагалі яму, але
нас цікавіла яшчэ пагуляць там у схованкі, бо у яго была такая вялікая
хата. Мы лёталі па хаце, скакалі, ён не забараняў, любіў дзяцей. А хлопцы
таксама лібілі там гуляць у вайну і хованкі, і прыходзілі ды праганялі
нас. У нас бывалі бойкі зь імі, хто першы прыйдзе і зойме хату дзеда Грышы.
Сярод нашых выдатных справаў распавялі мы і пра гэта, якія мы добрыя
цімураўцы, і як мы б’емся, хлопчыкі з дзяўчаткамі, і крычым: “Гэта наш
дзед Грыша, гэта мы яго першыя знайшлі”. Хлопцы ў адказ: “Гэта наш дзед
Грыша, ідзіце адсюль”. Чаму я пра гэта кажу? Таму што менавіта так было
напісана пасьля ў фельетоне, які выйшаў у “Пионерской Правде” і называўся
“19 на 19”. Дзевятнаццаць дзяўчат на дзевятнаццаць хлопчыкаў. Б’юцца за
дзеда Грышу, каму шэфства над ім браць.
І вось уявіце сабе, зьяўляецца гэты фельетон. Усе чакаюць, што ў “Пионерской
Правде” будзе напісана, які харошы ў школе піянэрскі атрад, а тут фельетон
пра тое, як дзеці б’юцца. Што было, мне цяжка зараз пераказаць, бо ва ўсёй
школе былі сходы ўсіх атрадаў, мяне прыводзілі, і я мусіла ўсім тлумачыць.
Настаўніца не магла мне сказаць, што гэтага нельга расказваць. Лепшы атрад,
а трапіў у такую гісторыю.
Зацягалі мяне так, што ў рэшце рэшт давялося школу зьмяніць. Не была
я больш ніякай старшынёй савету атрада. Можа і скончылася б так гэтая гісторыя
нічым, але праз нейкі час я атрымала больш за 140 (зараз ужо ня памятаю
дакладан) лістоў з усяго былога саюза ад дзяцей. Яны пісалі мне, як яны
захапляюцца маёй сьмеласьцю, а менавіта так мяне назвалі ў тым фельетоне
– “Смелая девочка Дина Ершова”. І дзяўчаты і хлопцы прапаноўвалі сяброўства,
ніхто нічога кепскага мне не напісаў. Але тады можа я ўпершыню зразумела,
што ёсьць так званыя двайныя стандарты.
Мая маці вельмі доўга захоўвала гэтую газэту з фельетонам. Прычым для
яе гэта не было кепска, яна вельмі ганарылася, што пра яе дачку напісалі
на ўвесь Савецкі Саюз.
Дыяна Мікульская
Самае папулярнае
1