Гэты выпадак адбыўся напачатку 60-х. У нашую вёску завітала райкамаўскае
кіраўніцтва. Выпадак рэдкі для нашай аддаленай ад райцэнтру мясьціны, таму
сельсавецкія і калгасныя начальнікі сустракалі яго амаль у поўным складзе.
Справа была ў самыя гарачыя дні сенажаці, і вуліцы вёскі абязьлюдзелі.
Узначальвала райкамаўцаў другі сакратар РК таварыш Тычына. Гэта была шырокая
жанчына ў мужчынскага крою пінжаку з моцным голасам і заўсёды папіросай
“Беламору” або “Казьбеку”. Пасьля доўгага паседжаньня, дзе, зразумела,
гаварылася пра нарошчваньне тэмпаў нарыхтоўкі сена ды аб рашэньнях канфэрэнцыяў
і зьездаў, начальства выйшла на паветра.
Тут уздоўж вуліцы шыбуе мясцовы дзяцюк па мянушцы Коля Байбараў. Ад
раньняй вясны да позьняй восені Коля хадзіў босы, ды з галавой у яго, беднага,
было не зусім – казалі, што ў дзяцінстве яго моцна стукнуў родны бацька.
Нягледзячы на тое, што вясковыя падшыванцы часта зьдзекваліся зь яго і
даводзілі да плачу, чалавек ён быў мірны і ніколі бяды не рабіў. Няхітрую
работу рабіў дома або па найме па людзях.
У той дзень маці загадала яму аднесьці малако да Валі, да сястры. Калі
коля параўнаўся з начальнікамі, на яго зьвярнула ўвагу таварыш Тычына і
сказала прыкладна такое (у перакладзе на беларускую мову):
– Што гэта такое, таварышы, усе працоўныя на сенажаці, а вялікі ды здаровы
мужчына гуляе сабе па вуліцах. Малады чалавек, чаму вы не на працы? – Зьвярнулася
да хлапца.
Той гучна, на ўсю вуліцу па вясковаму адказаў:
– А пацалуй ты мяне ў сраку. Я Валі малако нясу.
У Тычыны сківіца адвалілася, начальства анямела, хтосьці пырснуў нясьмела
ў кулак, і толькі праз хвіліну мясцовыя халуі кінуліся тлумачыць райкамаўцам,
што гэты Коля з глузду зьехаў, што ён вясковы дурань і гэтак далей. Але
тым ня менш “вясковы дурань” ня быў не пры справе – ён нес Валі малако
ў адрозьненьне ад некаторых лайдакоў у атачэньні таварыша Тычыны.
Яшчэ доўга ў навакольных вёсках, калі хтосьці перашкаджаў займацца патрэбнай
справай, людзі адказвалі: “Адчапіся, я Валі малако нясу”.
Уладзімер Мікула
Самае папулярнае
1