Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Аднойчы па дарозе ў Вільню ў Астраўцы ў наш аўтобус зайшоў чалавек, які адразу прыцягнуў маю ўвагу. Ён нетаропка агледзеў месца, дзе можна сесьці, і сеў. Старая апратка, валізка можа саракагадовага ўзросту, напрацаваныя рукі, маладыя чорныя вочы на маршчатым, дрэнна паголеным твары.

Па ўсім было відаць, што яму карціць пагаварыць пра тое-сёе. Я ня стала доўга чакаць і падсела да яго. Пэўна, што дзядзька зьдзівіўся, але было відаць, што яму гэта прыемна. Пасьля казаў: “От жа пашанцавала – такую добрую бабку Бог паслаў!”

Ня ведаю, каму толькі болей пашанцавала – мне ці яму. Ён прадставіўся як Юзік Бражка, было яму 85 гадоў. Але душа была маладая, жывая, мне было цікава зь ім. Ён нават стараўся так пажартаваць са мной, каб я адчувала, што ён яшчэ малады.

За кароткі наш шлях ён распавёў мне пра сваё гаротнае жыцьцё, і што жыве ён у нейкай вёсачцы пад Астраўцом, што едзе ў Вільню да дзяцей і вязе ім сялянскія пачастункі. Гэты чалавек вельмі прыгожа гаварыў. Напрыклад, амаль пасьля кожнага слова ён устаўляў прымаўку: “Дзе я толькі ня быў – і на кані, і пад канём…”

Зайшла ў нас гаворка пра Вішнева. Я ўзгадала ксяндза Чарняўскага, і дзядзка ажывіўся, кажа: “Ведаю яго, чаму ж не. У 60-я гады трапіў я неяк у Вішнева, запёрла мяне туды – баба нат ня знала”. І распавёў ён мне пра тое, як апынуўся ў Вішневе і каля хаты ксяндза ўбачыў так званых “людзей у цывільным”. Яны выводзяць таго ксяндза, сабраліся людзі, стаяць моўчкі…

А ён, гэты чалавек, быў героем Вялікай Айчыннай вайны, меў шмат узнагародаў і быў такі бойкі. І ён падышоў да гэтых “людзей у цывільным” каб запытацца, што тут адбываецца. Яму сказалі, што ксяндза трэба забраць у Менск на нейкае дазнаньне. І забралі. Але перад тым, як забралі гэтага чалавека, усё ж дзядзька адбіў яго на ноч у родную хату.

Гэты чалавек пераначаваў перад тым, як зьнікнуць назаўсёды, у сваім доме. А пасьля ніхто нічога пра яго больш ня чуў.

А мне ў Вільні было вельмі сумна разьвітацца з дзядзькам Юзікам, таму што я ведала, што ніколі больш яго не сустрэну.

Ларыса Мятлеўская, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG