У 1992 годзе фальклёрны гурт вось наш “Ліцьвіны” паехаў на фэст у Калінінград.
Там з намі здарыўся кур’ёз, які ўвогуле паказвае стаўленьне нашых суседзяў
да Беларусі як незалежнай дзяржавы.
Нам трэба было выступаць у асноўным канцэрце. Нашую песьню цалкам не
маглі ўключыць, прыйшлося прасьпяваць 4 куплеты. А на фэсьце, які называўся
фальклёрным, нічога фальклёрнага не было. Хутчэй, гэта было эстраднае шоў.
На рэпэтыцыі рэжысэр казаў, як мы будзем асобна праходзіцца пад канкрэтную
мэлёдыю. Ён нам кажа: “Вы пройдзецеся з расейскай камандай. Пад расейскую
мэлёдыю”.
Мы абурыліся. Нас запрасілі ад Беларусі, а мы павінныя пад расейскую
музыку прахадзіць. Маладыя, гарачыя, мы ледзьве не пачалі там сварыцца.
Зьбянтэжаны рэжысэр пагадзіўся: я ня супраць, ідзіце з палякамі.
Мы падскочылі ад зьдзіўленьня: як гэта з палякамі? Вы ж нас запрасілі
ад Беларусі выступаць. Рэжысэр зусім разгубіўся: “Я не разумею, чаму вы
ня хочаце йсьці зь нейкай камандай, якая вам розьніца?” Таму што мы беларусы
– даводзілі доўга яму мы.
Ён патлумачыў прычыну: “Ніхто ня ведае беларускай мэлёдыі ў аркестры…”.
Вось і прычына. Некаторыя хацелі згадзіцца, але ня я і не Валеры Міцкевіч
з гурта “Дзяньніца”. Мы вырашылі падыйсьці да аркестра. Нам ня верылася,
што ў Калінінградзе, дзе жыве шмат беларусаў, ня знойдзецца ў аркестры
ніводнага беларуса.
Так яно й аказалася. Калі мы падыйшлі да аркестру, прыйшлося гучна крыкнуць:
“Хлопцы, ці ёсьць хто ад Беларусі?” Падняўся сінявокі хлопец і кажа: “Я
з-пад Ляхавічаў”.
Мы пацікавіліся, ці ведае якую беларускую мэлёдыю. А ён граў на флейце.
Аказалася, што ведае. І “Лявоніху” ведае, але астатні аркестар ня ведаў.
Мы яму даручылі велізарнай важнасьці заданьне – годна прадставіць Беларусь.
Заставалася дзьве гадзіны да асноўнай праграмы. Нам удалося гэта зрабіць,
і беларуская дэлегацыя йшла пад гукі “Лявоніхі”. Гэта была малюсенькая
нашая перамога, але мы прымусілі лічыцца з намі, лічыцца зь Беларусьсю.
Натальля Матыліцкая
Самае папулярнае
1