Мне вельмі хацелася, каб ў сёньняшняй перадачы браў удзел мой бацька, а
не я. У яго была мара – дажыць да 2000 году. На вялікі жаль, сёньня гэта
ўжо немагчыма.
Лёс майго бацькі – гэта тыповы лёс беларуса з Заходняй Беларусі, якому
давялося прайсьці праз польскую акупацыю, фашысцкую акупацыю і расейска-бальшавіцкую,
якому давялося прайсьці праз страшэнны сталінскі Гулаг, як і многім беларусам
і з Заходняй, і з Усходняй Беларусі.
Я ня ведаю, што ўспамінаў бы ён сёньня, але ўсё такі мой успамін будзе
зьвязаны менавіта зь яго ўспамінам, з адзіным, пры якім, як я назірала,
ён плакаў. Адбылося гэта, калі аднойчы ён паглядзеў на маю падрослую ўжо
белавалосую дачку і вельмі горка заплакаў. А далей растлумачыў прычыну.
Успаміны нахлынулі на яго проста невыносна.
У пачатку 50-х гадоў, калі на лесапавале на Ўрале, яго, як і некаторых
іншых зьняволеных кінулі ў жаночы лягер – зімой лютай, у завіруху, у вялікія
маразы – каб забясьпечыць працай новых вязьняў, якія прыбывалі ў гэты лягер.
Новымі вязьнямі былі, як ён сказаў, вось такія белавалосыя дзяўчаткі з
Прыбалтыкі, цэлы эшалён, маленькія і прыгожыя, дрэнна апранутыя, непадрыхтаваныя,
узросту ад 16-ці і, самае большае, да 25-ці гадоў. Іх кінулі адразу цягаць
гэтыя цяжкія, вялікія бярвеньні… Праз дзень іх засталося менш, праз два
дні – яшчэ менш, праз тыдзень – адзінкі, праз два тыдні – ужо не было каму
выходзіць на працу, усе яны палеглі ў той страшэннай зіме, у той страшэннай
сьцюжы.
Завяршаючы гэтае сваё апавяданьне, бацька сказаў (а гэта якраз быў час,
калі ішлі спрэчкі пра ступень дэмакратычнасьці працэсаў у Прыбалтыцы):
“Як бы сябе не паводзілі прыбалтыйскія краіны зараз, што б яны не зрабілі
– гэта ўсё будзе супэрдэмакратычна ў параўнаньні з тым, што вынесьлі тыя
народы, як і наш.
Бацька, на жаль, не дажыў да 2000 году. Ён памёр, адляцеў сьветлай птушкай
за два месяцы да гібелі ягонага сына. І, магчыма, проста Бог зьлітаваўся
над гэтым чалавекам, таму што гэтае выпрабаваньне было б для яго не пад
сілу. Яго сын, вядомы ўжо на той час журналіст Анатоль Майсеня, загінуў,
сутыкнуўшыся, безумоўна не з машынай, а ўсё з той жа таталітарнай савецкай
сыстэмай…
Людміла Майсеня
Самае папулярнае
1