Кастрычнік 2000 году. Я са сваімі сябрамі вырашыў прайсьціся ад Стоўбцаў
у Нясьвіж, каб адчуць дух, які павінен адчуваць кожны гісторык: дух сярэдневечча.
Стоўбцы праводзілі нас скрыжаваньнем дарог, і мы накіраваліся праз амаль
пустую мясцовасьць па-над плыткім Нёмнам у бок Нясьвіжа.
Фактычна праз колькі часу нас сустрэў сваёй ніякаватай веліччу Новы
Сьвержань. Гэта цікавая мясьціна, але ў той момант, калі пасяродку вёскі
мы ўбачылі храм каталіцкі, маленькі, на ўзвышку, абгорнуты драўляным тынам
і даволі вялікую праваслаўную царкву, на прыклад уніяцкіх храмаў барочнага
тыпу, гэтае суседзтва – ўражвала.
Менавіта злучэньне гэтых дзьвюх розных канфэсій на адным перакрыжаваньні
пачуцьцяў, яно канцантравала энэргію. Маленькі ручай наталіў нашую смагу,
мы хацелі пабачыць Беларусь такой, якая яна ёсьць. Каб біў вецер у твары.
Мы йшлі. Беларускае сярэдневечча. Нясьвіж. Зьлева – замак. Далей – Фара.
Хаця й сустрэла нас халоднымі зачыненымі брамамі, але яна ўзвышалася над
усім. Яна паволі падштурхоўвала нас увайсьці ў веліч Нясьвіжа – паглядзець
на плошчы, паглядзець на гандлёвы рад, прасунуцца да Альбы і ўбачыць тое,
што бачылі госьці, якія прыязджалі да Радзівілаў.
Слуцкая Брама. Я ніколі яшчэ не адчуваў таго, што адчувае чалавек, які
разумее, які адчувае сваю радзіму пад скляпеньнямі Слуцкай Брамы.
Іду далей. Вулка. Зварочваю. У далечыні – Кляштар Бернардынак. Мост.
Лістота. Лістота шапаціць пад нагамі. Гэта – ўваход у тую эпоху, якая прываблівае,
зацягвае чалавека 20-га стагодзьдзя.
Іду далей. Брама. Сэрца ня б’ецца, яно – чакае. Уваходжу. І чуюцца даволі
абразьлівыя словы папулярнага, але папсовага сьпеву. Пэдагагічны каледж
– гэта не сярэдневечча.
Андрэй Любы, Менск
Самае папулярнае
1