Бадай я ўспомню зусім недалёкае мінулае – канец красавіка-травень 96-га
году. Пасьля Чарнобыльскага Шляху адбыўся вялікі хапун. Амаль усё кіраўніцтва
фронту і найбольш актыўныя фронтаўцы былі кінутыя за краты, спадар Зянон
Пазьняк уцёк за мяжу. Усе фронтаўцы ўтрымліваліся ў спэцразьмеркавальніку
на Акрэсьціна, а майго брата ды Сіўчыка зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар на
Валадарскага. Ім шылі крымінальныя справы. Адвакатка Надзея Дударава адразу
сказала маёй братоўцы ды мне, што справа гэтая – некрымінальная, і ніякімі
спасылкамі на крымінальны кодэкс брата ня вызваліш, што справа гэтая –
палітычная, і вызваляць яго трэба палітычнымі сродкамі. “Арганізуйце пікет
ля муроў Валадаркі”.
Так мы і зрабілі. Напісалі плякат, узялі паперу для збору подпісаў за
вызваленьне вязьняў, на шматку паперы напісалі “Свабоду прафэсару Хадыку
ды Сіўчыку”, прышылі да адзеньня і пайшлі да муроў. На наступны дзень да
нас далучылася і Ганна Сіўчык з малым дзіцем.
Увечары мы заходзілі ў сядзібу фронта. Там, дзе калісьці раілася шмат
людзей, было пуста. Нас сутракалі толькі Станіслаў Гусак ды Асташынскі.
Не было аргтэхнікі і нават часткі мэблі. Фронт быў практычна разгромлены.
А пад мурамі да нас спачатку прыходзіла зусім няшмат людзей. Нават і
братоўка, і Галіна Васільеўна Сіўчык у роспачы пыталіся: “А дзе ж фронт,
чаму ён нічога ня робіць?” На гэта я адказвала: “Фронт – гэта мы, стойце,
і людзі нас падтрымаюць”. Так і адбылося. З кожным днём людзей прыходзіла
болей і болей.
Нас праганялі ды арыштоўвалі міліцыянты, вазілі ў суд, дзе выносілі
папярэджаньні, казалі, што калі мы прыйдзем яшчэ, дык так лёгка не аддзелаемся.
Яны ірвалі нашыя плякаты, зрывалі нашыя нашыўкі, мы крычалі і на наступны
дзень прыходзілі ізноў. А побач з намі ўвесь час знаходзіўся журналіст
Радыё Свабода. Ён запісваў і лаянку міліцыянтаў, і наш лямант, і кожны
дзень даваў інфармацыю ў эфір. Тым самым ён надаваў нам мужнасьці.
Толькі праз 18 дзён зьняволеньня брата і Сіўчыка Фронт пачаў выходзіць
з шокавага стану. 14 траўня Малады Фронт арганізаваў магутную дэманстрацыю
пратэсту. Людзі рашуча ішлі пад дубінкі і прайшлі-такі да Валадаркі. Яны
крычалі “Жыве Беларусь!”, каб вязьні пачулі, што яны не адны.
А праз 25 дзён зьняволеньня і галадоўкі брата і Сіўчыка выпусьцілі зь
вязьніцы пад падпіску аб нявыезьдзе, а праз год спынілі справу. Лукашэнка
ўпершыню адступіў.
Тады, калі мы заходзілі да Надзеі Дударавай, яна нам казала: “Вы робіце
правільна. Вы нават не ўяўляеце сабе, якую справу вы робіце”.
І зараз, азіраючыся на такое недалёкае мінулае, я ўвесь час зьдзіўляюся,
што могуць зрабіць тры слабыя жанчыны і адзін журналіст.
Ларыса Ляпарская
Самае папулярнае
1