Тое, што найбольш мне запомнілася з маёй палітычнай дзейнасьці, якраз зьвязанае
ня столькі з палітыкай, колькі з маёй функцыяй перакладчыка прэзыдэнта
Леха Валэнсы пад час візыту, які ён нанес у Менск.
Тады якраз амэрыканцы збамбардавалі Багдад. Гэта быў вынік іх нейкіх
палітычных меркаваньняў, і журналісты пачалі пытаць як спадара Шушкевіча,
так і прэзыдэнта Валэнсу, якія іх адносіны да гэтага факту. Спадар Шушкевіч
адказаў, што ведае столькі, колькі тэлебачаньне, дык нічога ня скажа. А
прэзыдэнт Валэнса кажа: “А ja powiem…”(я скажу). Пярэпалах у яго атачэньні
– што ён скажа. Бо прэзыдэнт Валэнса быў вядомы тым, што можа нешта нечаканае
сказаць, і да таго ж зьяўляўся пострахам усіх перакладчыкаў, якія ніколі
ня ведалі, што трэба будзе перакладаць.
Прэзыдэнт Валэнса вельмі доўга гаварыў, і яго думка была такая, што
павінны быць нейкія міжнародныя ўзброеныя сілы, якія б у выніку міжнародных
пагадненьняў наводзілі б недзе парадак. Але так гэтую думку шырока ілюстраваў
рознымі прыкладамі, што нарэшце дайшоў да такога сказу, які я запомню на
ўсё жыцьцё.
Ён сказаў: “Bo taki Indianin w rezerwacie zrzuci portki, skoczy przez
plot, і jemu nic. A nas by komary zagryzly”. Я думаю: “О, Божа!”. Перакладаць,
не перакладаць, але баяўся, бо калі раз скараціў яго выказваньне, прэзыдэнт
сказаў: “O, slysze, ze moj tlumacz mnie skraca”.
Гляджу – ніхто не дае мне ніякага знаку, дык пачынаю перакладаць, і
з гэтага ўсяго замест “w rezerwacie” перакласьці “у рэзэрвацыі”, то сказаў
“у рэзэрвуары”, і ўся заля сьмяецца. А я не разумею, чаму сьмяюцца. Толькі
беларускі перакладчык падказаў: “У рэзэрвацыі…” Толькі тады зразумеў, што
я гавару.
А вынік усяго гэтага быў такі, што прэзыдэнт Валэнса на канец сказаў,
што кепска было б, каб нехта адчуў сябе жандарам сьвету, і ўсе журналіст
пабеглі падаваць вестку, што прэзыдэнт Валэнса скрытыкаваў амэрыканцаў.
Я дачакаўся толькі, што ў прэсе напісалі, відаць, прэзыдэнт сказаў нешта,
а пэўне ж, перакладчык меў кепскі дзень.
Алег Латышонак
Самае папулярнае
1