Вучыўся я ў 10 клясе. У халодныя месяцы жыў у невялікім інтэрнаце на 10
хлопцаў з аддаленых вёсак і ў каго бедныя бацькі былі.
5-га сакавіка 1953 году. 6 гадзінаў. Радыё голасам Левітана паведамляе:
“Памёр Іосіф Всарыёнавіч Сталін…”
Заняткі ў школах не адмяняліся. Першы ўрок у нас быў – руская літаратура.
Уваходзіць настаўніца, моўчкі вітаецца і называе тэму: “Творчество Міхаіла
Ісаковского”. Трошкі счакаўшы: “Адказваць будзеш ты, Ваня.” І пальцам паказала
на мяне. Я заўсёды ў школе сядзець любіў на апошняй парце. Мне прыемна
было, як таму пастуху статак, бачыць перад сабой усіх калег.
Спакойна падымаюся і павольным-павольным крокам кіруюся да дошкі. Заадно
ўключаю гаварыльны апарат і ўсьпёўваю: “Расцветали яблони и груши… На закате
ходит парень возле дома моего… Лучше нету того цвету, когда яблоня цветет…
Летят перелётные птицы в осенней дали голубой… Где ж вы, где ж вы,
очи карие…” Яшчэ і яшчэ – пачатковыя радкі песень на словы Міхаіла Ісакоўскага.
Папуры.
Дайшоў да дошкі, павярнуўся тварам да вёскі і – бацюхны! Магільнае маўчаньне
ў клясе. Настаўніца: “Ванюша! Еслі бы в другой раз, я б вместе со всемі
любезно посмеялась бы. Ты что, забыл, какой сегодня день?”
Толькі цяпер я працьверазеў. “Садись. Ребята, – звярнулася яна да вучняў.
– Пожалуйста, никому не рассказывайте.”
А магло ж такое дзівацтва бокам вылезьці – і мне самому, ды й нявінным
бацькам маім.
Янка Курбека
Самае папулярнае
1