Зусім нядаўна я даведаўся пра закрыцьцё Чарнобыльскай АЭС і падумаў: гэта
ж трэба так, што амаль чвэрць чалавечага жыцьця спатрэбілася для таго,
каб прыйсьці да такога мудрага рашэньня.
З гэтай нагоды мне прыпомніўся адзін выпадак, які адбыўся са мной на
Палесьсі. Трэба сказаць, што Палесьсе – гэта мая Бацькаўшчына, амаль з
самага дзяцінства бацькі вазілі мяне туды на адпачынак, з чатырох гадоў.
І я так прызвычаіўся езьдзіць туды адпачываць, што езьдзіў туды і студэнтам,
і ўжо калі працаваў.
Вось аднойчы я прыехаў на Палесьсе. Як заўсёды з раніцы лавіў рыбу,
а пасьля прыходзіў у сад – памятаю, там стаяў стол, на якім сушылі яблыкі,
грушы – дык вось клаўся на яго, чытаў, драмаў пад час самай сьпякоты. Вакол
яблыні, грушы, сьлівы, вішні… Цудоўны пах, цудоўнае надвор’е.
І вось аднойчы я так прыдрамаў, ня памятаю, колькі я спаў, але раптам
мяне нешта пабудзіла. Я так, амаль не расплюшчваючы вочы, паглядзеў направа,
налева, раптам, гляджу, на плоце вісіць нейкае дзяўчынё – гадоў 8-11, ну
такая прыгожая… Я думаў, што мне гэта мроіцца… Блакітнавокая, русавалосая,
як абраз, такая беларусачка-беларусачка… А яна ня ведае, што я прачнуўся.
І яна з такой цікавасьцю глядзіць на мяне… Я думаю, трэба кашлянуць. Кашлянуў,
і яна страпянулася так, паглядзела і кажа:
– Ведаеце, Вы ўсё нашае сонейка так высмакчаце.
Засьмяялася і пабегла недзе. Гэта колькі гадоў прайшло, і толькі ў 86-м
годзе, калі атрымаўся гэты выбух на Чарнобыльскай АЭС, я прыпомніў гэтую
гісторыю, гэтае дзеўчанё, гэты нечаканы, паэтычны выраз дзяўчынкі, і мне
падумалася: сапраўды, яна, як беларускі Настрадамус, прадбачыла гэтае здарэньне,
што сонейка ёй нехта высмакча, нехта скрадзе…
Сяргей Краўчанка, Менск
Самае папулярнае
1