Раскажу я вам гісторыю, як я аднойчы ледзь не ўступіла ў партыю.
Гэта было ў 1990-м годзе. А было гэта ў Гішпаніі. Я ўпершыню трапіла
за мяжу, паехала ў турпаездку. Вось прыляцелі мы ў Мадрыд увечары позна
і на настпуны дзень раніцай у нас было некалькі гадзін вольнага часу. Ну,
здавалася б, можна ісьці куды хочаш. Але куды ты тут пойдзеш, калі ў нас
не было з сабой ніякіх грошай? У той жа час нельга было везьці з сабой
валюту за мяжу. Мы вось тут, я памятаю, здавалі па 500 рублёў савецкіх,
а нам там мусілі выдаць па 82 даляры ў пераліку гішпанскай валютай. Але
выдалі іх нам не ў пачатку, а недзе так бліжэй да канца. Ня пойдзеш ні
ў музей, ні ў тэатр, ні ў краму – проста можна ісьці па горадзе. Ну я сабе
ішла адна па горадзе і чытала там усе шыльды, якія былі. Я вучыла гішпанскую
мову і мне было цікава ўсё, што напісана.
Бачу, стаіць плякат такі вялікі і напісана сінім флямастарам ад рукі.
Стала яго чытаць. Аказалася, што гэта быў ня проста плякат, а с сакрэтам.
Бо там сядзеў у кустах такі чалавек-павучок. І ён глядзеў, ці ня трапіцца
якая-небудзь спажыва. Вось хто доўга чытае, ён да таго выходзіць, і да
мяне ён выйшаў. І кажа: ці ня хочаце вы ўзяць удзел у сацыялягічным апытаньні?
Я думаю: о, як пашанцавала, першы дзень у чужой краіне, сацыялягічнае апытаньне,
давай, кажу, канешне.
Стаў ён мне задаваць пытаньні накшталт таго, што важнейшае – ці каб
чалавек падпарадкоўваўся законам дзяржавы, ці каб дзяржава задавальняла
патрэбы чалавека. І так у мяне ўсё выходзіла, што чалавек важнейшы. Ён
кажа: усё выдатна, мы з вамі аднадумцы, ці ня хочаце вы пазнаёміцца з маімі
сябрамі, яны тут жывуць побач. Я думаю: як пашанцавала, першы дзень у чужой
краіне, і адразу сябры, адразу ў госьці запрашаюць. Без нічога-ніякага,
іду зь ім, адна!
Прыходзім у кватэру, і бачу я, што нешта тут ня тое. У гэтай кватэры,
відавочна, ніхто не жыве. Яна вялікая, уся заваленая нейкімі кніжкамі,
паперамі і стаіць там некалькі толькі крэслаў. І аказалася, што гэта штаб-кватэра
ня дужа такой легальнай партыі, кіраўніцтва ў Аргентыне, а тут вось такая
нейкая філія. Сядзіць за сталом дзеўка, і пачынае яна мяне агітаваць у
гэтую партыю ўступаць. Партыя называлася Гуманістычная і мэты ў яе выключна
такія гуманістычныя – шчасьце чалавека… Але блізкія крокі былі такія нейкія
цьмяныя. Затое сказала, што ў іх жорсткая сыстэма, яны ўсе разьбітыя на
пяцёркі, кожны ведае толькі свайго камандзіра, што ў іх жалезная дысцыпліна,
што ў іх доўгія рукі.
Я тут жа ўспомніла кніжкі пра савецкіх падпольшчыкаў і бачу, што трапіла
я як прусак у саладуху. Што адказаць ёй, ня ведаю. Кажу першае, што прыйшло
ў галаву, што праграма іх мне дужа сымпатычная, але ж я, прабачце, ня з
гэтай краіны. А яна кажа: нічога, у нас у Савецкім Саюзе таксама ёсьць
свае людзі, тут жа дае мне нейкія там тэлефоны, каардынаты паблізу Масквы.
Пакуль я думаю, што ёй адказаць, адчыняюцца дзьверы, і гэты самы чалавек-павучок
заводзіць туды яшчэ аднаго пажылага гішпанца.
Пакуль гэтая дзеўка таму гішпанцу ўсё тое самае расказвала, што і мне,
я сабрала ўсе свае веды з гішпанскай мовы, падрыхтавалася, сказала ёй такую
сваю прамову. Зь дзяцінства я была сябрам піянэрскай арганізацыі, потым
моладзевай камуністычнай арганізацыі – камсамольскай, і што цяпер мне гэтыя
ўсе арганізацыі так устылі, што я больш ні ў якія ўступаць не хачу. Гішпанец
гэты даслухаў маю прамову і кажа: брава! Я таксама прыхільнік Бакуніна!
Узяў мяне пад руку, і мы з ім выйшлі з гэтай кватэры.
Віялета Кавалёва, Менск
Самае папулярнае
1