Гэта быў 1949 год. Нашая група складалася з 17 асоб, я была васемнаццатая.
Мы былі арыштаваныя за “Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі”.
Я вельмі моцна чакала суда пасьля допытаў. Не таму, каб мяне судзілі
скарэй – мне вельмі моцна хацелася сустрэцца з усімі, асабліва з мужам.
Каб муж пабачыў дачушку, зь якой на руках мяне судзілі – ёй было 18 дзён
ад роду; каб ён убачыў, што я не скарылася, што мужна перанесла ўсе допыты
ў стане цяжарнасьці.
Група пад час суда вяла сябе з поўным гонарам, і пасьля суда грымелі
ўсе сьцены Амэрыканкі ад перастуку і паведамленьняў, што судзілі такіх
патрыётаў.
Мяне, на жаль, судзілі адну. Я сядзела ў гэтай клетцы з дачуркай на
руках і вачэй не адводзіла ад дзьвярэй, думала вось-вось прывядуць астатніх,
тых, каго я так прагну бачыць. Але замест іх увайшлі судзьдзі з ваеннага
трыбуналу. Сказалі мне: “Устаць. Суд ідзе”. Я ўстала.
Я ня чула вырака, які яны мне чыталі, я нічога ня чула, чуць ня выпусьціла
дачурку з рук – чаму мяне судзяць адну? І калі мне далі апошняе слова,
я нічога не сказала, толькі спытала: “Чаму мяне судзяць адну?” Мне на гэта
ніхто нічога не адказаў, а сказалі “Устаць!”, тут жа штыкі наставілі і
павялі мяне ў “чорны воран”.
Такое не забываецца і не забудзецца. Я пранесла гэта праз усе годы пакут,
ганьбы, зьняволеньня. Дык няхай галасы гучаць усіх тых, чые лепшыя годы
жыцьця, маладосьць, здароўе павісьлі на кратах турэмных і калючым лагерным
дроце.
Вера Касмовіч, Гарадзея
Самае папулярнае
1