Гэта было колькі гадоў таму. Цэлы год мне давялося прабыць у Паўднёвай
Афрыцы.
Краіна, дзе я была, называлася Зімбабвэ. Гэта вядомая краіна, раней
яна называлася Паўднёвая Радэзія, былая брытанская калёнія. Ну і сама краіна
вельмі такая брытанская, вельмі далёкая ад усяго нашага, ад усяго таго,
што было мне міла, блізка. Памятаю, толькі прыехаўшы, я кінулася шукаць
што-небудзь беларускае, можа нейкую беларускую дыяспару ці тую самую праваслаўную
царкву. Хацелася за нешта зачапіцца душою.
Дрэвы ўсе былі іншыя, расьліны былі іншыя. Я шукала хаця б рамонак які-небудзь.
І памятаю, што я вельмі ўсьцешылася аднойчы, успрыняўшы гэта як падарунак,
калі на мой двор, пад мае вокны (я сьнедала, памятаю) прыляцела некалькі
буслоў. Потым высьветлілася, што ў гэтым нічога незвычайнага няма, буслоў
у Зімбабвэ у той час было шмат. Па нашым часе, гэта была зіма, па іх часе
– лета, значыць, дожджык, ня вельмі горача, мяккае такое надвор’е. Дык
вось буслы ў сталіцы там – звычайная рэч.
На мае падстрыжаныя брытанскія газоны прыляталі гэтыя буслы. Памятаю,
што адразу пачала пісаць сваім сяброўкам беларускім, і ў Вільню, і ў Беларусь,
пра тое, што ў мяне тут у садзе – беларускія буслы, якія прыляцелі тут
праводзіць зіму. Я была абсалютна перакананая, што гэта наш сымбаль – сымбаль
Радзімы, сымбаль патрыятызму, сымбаль незвычайнай, ахвярнай любові да Айчыны.
Ляцець на радзіму даводзіцца не ў камфартабельным самалёце, а сваімі крыламі,
тысячы і тысячы кілямэтраў над пустынямі, над марамі і акіянамі.
Я казала сваім афрыканскім сябрам пра тое, што да мяне беларускія буслы
прылятаюць. І я была неймаверна ўражаная, калі даведалася, што ў гэтай
далёкай паўднёва-афрыканскай краіне бусел лічыцца іх нацыянальным сымбалем,
сымбалем іх радзімы. Мне сказалі: “Чакайце, гэта нашыя буслы, яны лятаюць
да вас праводзіць нашую зімбабвійскую зіму ў вашым эўрапейскім леце, бо
нашая зімбабвійская зіма без дажджоў, сухая, трохі гарачая. Яны заўсёды
вельмі ахвярна вяртаюцца дадому, у Зімбабвэ, на свае родныя палі і па-брытанску
пастрыжаныя газоны. Вы ведаеце, у нас нават у падручніках традыцыйныя тэксты
пра буслоў, па каторых дзеці вучацца мовы і адначасова любові да радзімы
на такім прыкладзе патрыятызму”.
Я ўсё-ткі з гэтым не пагадзілася. Я змоўчала тады, я ня стала спрачацца,
я вырашыла, што тут нейкая недарэчнасьць, таму што буслы, я думаю, усё-ткі
былі нашыя, і вярталіся яны дадому на Беларусь, а ў Зімбабвэ ляталі праводзіць
толькі зіму.
Але нешта мне такое запала… І цяпер, калі я вярнулася на сваю зямлю,
я бачу буслоў вельмі рэдка, не параўнаць, колькі я бачыла іх у Паўднёвай
Афрыцы, проста ў горадзе, у сталіцы…І цяпер, калі я бачу буслоў (уявіце
мой жах!), я успамінаю Афрыку…
Тацяна Каротчанкава, Вільня
Самае папулярнае
1