Дэпутат Лукашэнка ўвесь час спрабаваў узначаліць апазыцыю ў Вярхоўным Савеце.
Першая апазыцыйная структура, якая была створаная з усіх некамуністычных
дэпутатаў, гэта дэпутацкі Дэмакратычны клюб. Там такое спаборніцтва ішло,
каму яго ўзначаліць – Пазьняку ці Лукашэнку. І калі Лукашэнка ня змог яго
ўзначаліць, ён пайшоў ствараць групу камуністаў-дэмакратаў, якую і ўзначаліў.
Ён выступаў з дакладамі. Ён гаварыў пра тое, пра што я гавару зараз:
што дыктатура, гэта дрэнна… Я памятаю, як я падараваў яму сваю кніжку па
гісторыі сялянства 16-18 стагодзьдзя. Ён, як дырэктар саўгаса, падзякваў.
Потым я папрасіў: “Ты мне добрага насеньня морквы і грэчкі можаш прывезьці?”
Праўда, прынес. Не даваў, а кінуў так: на, кажа, апазыцыя, бяры, садзі.
Узяў я, пасеяў – не ўзышло нічога.
Калі гаварыць, што пілі разам сьпіртныя напоі…Адзін раз было такое.
27 ліпеня 90-га года была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце
Рэспублікі Беларусь, узьнікла такое жаданьне, бо такое сьвята, гістарычнае,
гэта разумелі ўсе. Трэба ж, каб хоць па 20 грам усе выпілі. І дэпутат Садоўскі
падыходзіць да Старшыні Савету міністраў Кебіча і кажа:
– Вячаслаў Францавіч, ну трэба…
Той:
– Хадзем да мяне.
Я ня памятаю, якога напою (каньяк ці Зуброўка там была, жоўтага такога
колеру) Савет Міністраў выдзеліў. Там была вялікая колькасьць дэпутатаў,
замачылі гэтую Дэклярацыю. А потым, на плошчы цяпер Незалежнасьці, а тады
Леніна, ужо стаялі некалькі соцень людзей са сьцягамі, там было весела.
Выйшлі туды, поўночы сьпявалі песьні…
91-ы год, 19 жніўня, так званы ГКЧП. Як яно пачыналася, тое ГКЧП. Мне
ў шэсьць раніцы званок. Сяргей Антончык:
– Валік, ты ведаеш, што адбылося? Гарбачова зьнялі.
Прыяжджаем у Вярхоўны Савет. Хлопцы сабраліся. Помню, Анатоль Гурыновіч,
Сяргей Навумчык, Ігар Гермянчук. Гавораць, давай зойдзем да Дземянцея.
Заходзім да Дземянцея ў кабінэт не стукаючыся, а ён якраз у гэты час з
Лук’янавым гаварыў. І вось мы дзьверы адчыняем, а ён кажа:
– Ну всё, за мной прышлі…
Валянцін Голубеў
Самае папулярнае
1