Я каля 20-ці гадоў прапрацаваў у Савеце Міністраў: я туды прыйшоў у 75-ым
годзе. Але зразумеў, што мы вельмі неабгрунтавана ўмешваемся ў нейкія працэсы,
і асабліва для мяне гэта стала ясна, калі ў 1980г. я з групай работнікаў
цэнтральных ворганаў рэспублікі ў складзе адной дэлегацыі езьдзіў па прозьбе
Берасьцейскіх аблвыканкаму і абкаму партыі ў Пінскі раён разьбірацца з
Пінскімі агурэчнікамі, якія вырошчвалі агуркі і, на думку мяйсцовага начальства,
не працавалі ў калгасах-саўгасах, і тым самым прыносілі нейкую шкоду дзяржаве.
Тады я сказаў на нарадзе ў першага сакратара райкаму партыі: “Скажыце,
калі ласка: а якая для мяне розьніца, дзе купіць агуркі: у дзяржаўным магазіне,
дзе яны там ужо завялі і ня маюць таварнага выгляду, альбо ў гэтага прадаўца,
які мне прадасьць сьвежыя?”
Вось калі мы абмяркоўвалі ў Пінскім райкаме партыі гэтую праблему, калі
мне памяць ня здраджвае, менавіта знакаміты Ралько – двойчы гэрой сацыялістычнай
працы, старшыня калгасу “Асьнежыцкі” – сказаў: “О, ведаеце, раней жа ў
вёсцы тых людзей лічылі беднымі, а яны ў нас зараз багатыя, аўтамабілі
купляюць..” Вось адносіны да іх. Яны іх лічылі кім? Спэкулянтамі.
І такія абвінавачаньні: “Яны крадуць электраэнэргію, паліва…” А я прыязджаю
ў нейкі саўгас “Дружба” і пытаюся: “А чым вы ацяпляеце гэтую цяпліцу? Дзе
ў вас тут катлы, дзе крадзеце паліва?” – сьмяюся. А ён там у зямлю закладае
перагной, яшчэ штосьці, і адтуль яна ў яго грэецца.
Дык калі чалавек ня краў, а вырошчваў у сябе на агародзе, скажам, кветкі,
альбо тыя ж самыя агуркі – гэта ж такая цяжкая праца, такія затраты! А
мы іх лічылі спэкулянтамі, таму што яны не працуюць у калгасе.
А калі б яму калгас плаціў добрыя грошы, калі б ён ведаў, што ён у калгасе
таксама можа атрымаць гэтыя агуркі для сябе – дык, пэўна, ён бы не займаўся
гэтым. Таму што чалавек шукае, дзе лепей. І чым ён дрэнна рабіў для той
жа дзяржавы, калі ён іх вырошчваў і прадаваў?
А тут за іхнымі агуркамі аж з Мурманску, з Ленінграду прыязджаюць вялікія
машыны і загружаюць па 300 мяхоў, і ўсе былі задаволеныя. Яны плацілі за
гэтыя аўтамашыны, ды яшчэ вадзіцелю аўтамабіля з кожнага гэтага меха плацілі
тры рублі.Уявіце сабе для тых часоў: вадзіцель за адзін рэйс як зарабляў:
дык ён жа гэтыя агуркі вез, як яйкі!
А калі я запытаўся мяйсцовага старшыню райспажыўсаюзу: “А колькі вы
закупілі агуркоў летась?” – мне здаецца, ён назваў лічбу ўсяго 10 тон.
Дык я кажу: “У адной вёсцы, напэўна, больш вырошчваюць. Я ў гасьцініцы
ў вас начаваў і зайшоў у буфэт, дык там кіслыя агуркі ёсьць (а была сярэдзіна
мая). Дык вось у іх – ужо маленькія зялёныя агуркі зьявіліся, а ў вас у
продажы – няма. Дык што вы абвінавачваеце гэтых людзей? Закупіце ў іх на
мейсцы – ня будуць езьдзіць з Ленінграду, Мурманску”. Але ж мы арганізаваць
не маглі закупку, а рабілі ўсё, каб разам з гэтым скончыць.
Валеры Фадзееў, Менск
Самае папулярнае
1