У дзяцінстве я быў сьведкам дастаткова рэдкага здарэньня – літаральна на
маіх вачах пачаў разбурацца і, урэшце, зь вялізным грукатам абрынуўся ў
ледзяную ваду мост.
Гэта быў доўгі, дараўляны, з высокімі фермамі мост над Гарыньню ў Давыд-Гарадку.
Ягоныя палі былі падмытыя бурлівымі веснавымі хвалямі, і мост спачатку
асеў, умомант напоўніўшы ўсё навакольле характэрным трэскам дашчанага насьцілу
і шырокіх смаловых парэнчаў. Мост выгнуўся ў дугу да самай вады, і па гэтай
небясьпечнай дузе яшчэ пасьпела праскочыць некалькі калгасных машын. І
што цікава – з кузава апошняй машыны раптам выляцеў белы певень і застаўся
на адной з парэнчаў. Як на дзіцячыя вочы, то відовішча было проста незвычайнае.
Шал нястрымнай вады, скрыгат крыгаў, спалоханыя жаночыя галасы, тужлівы
рык свойскай жывёлы – усё гэта ўтварала немілагучна нязвыклую прастору.
Пры берагах засталіся вострыя астраўцы зламаных паляў, а мост-, які
ўжо ня быў мостам, разам з няшчасным белым пеўнем паплыў уніз па Гарыні.
З убачанага, пачутага і адчутага дзіцячая душа, вядома ж, тады не магла
нарадзіць абагульненьне. Абагульненьне прыйшло ў нашыя дні. Вобраз моста,
які на вачах разбураецца, заўсёды ўзьнікае ў душы, калі я думаю пра нашую
культуру, сёньняшнюю дзяржаўнасьць. Беларусь называюць мостам, які злучае
Захад з Усходам. І гэта так. І праўда тое, што мост – адзін з нашых знакавых
нацыянальных вобразаў. У Івана Шамякіна ёсьць аповесьць “Мост”, але найбольш
мы запомнілі аповесьць Васіля Быкава “Круглянскі мост”. З мастамі, якія
разбураюцца ці якія разбураюць, здаецца, гіне ўсё жывое.
Аднак жа здараюцца дзівосы. Назаўтра на кручы, на якую веснавое разводзьдзе
ўзьбіла рэшту давыд-гарадоцкага моста, усё на той жа парэнчы я ўбачыў жывога
белага пеўня.
Леанід Дранько-Майсюк, Менск
Самае папулярнае
1