Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гісторыя гэтая пачалася з дробязі. Як толькі наш усюдыход спыніўся каля двухпавярховай казармы ў забытай Богам бухце Сінкан, як часовы яго гаспадар, палкоўнік Генадзь Уладзіміравіч Ліхавецкі, разьмінаючы самлеўшыя ад доўгага падарожжа ногі, прамовіў:

– Гэх, сагрэцца б!
– Гэта мы зараз, таварыш палкоўнік, – весела адгукнуўся мой спадарожнік Кеша Меркур’еў, фотакарэспандэнт і добры выпівака. – Для вас – хоць з-пад зямлі.

Неўзабаве мы зь Кешам знайшлі ў рыбачым пасёлку і прыцягнулі ў казарму, дзе нас разьмясьцілі, бутэльку сучка – тагачаснай гарэлкі, якую, па чутках, гналі з драўлянага пілавіньня.

Нашая патаемная вячэра праходзіла ў пакоі палітпрацы. Закускі амаль не было, і нас, стомленых цяжкімі тайговымі шляхамі, хутка пацягнула ў сон. Але перад тым, як адкінуцца на вузкі сяньнік, Генадзь Уладзіміравіч ткнуў пальцам у пустую бутэльку:

– Гэта схавайце. І каб ніякіх сьлядоў.

Праз некалькі хвілінаў і я пачаў правальвацца ў сон, і апошняе, што памятаў, быў Кеша, які падымаў вялікі бюст Сталіна і хаваў пад ім пустую бутэльку.

Раніцай я нават і не згадаў пра хітрыкі майго спадарожніка. І зусім бы забыўся аб гэтым, калі б Генадзь Уладзіміравіч ужо ў машыне нібыта абыякава не спытаў у мяне:

– Слухайце, а вы там ліквідавалі?.. Гэта самае куды дзелі?

Я сказаў.

– Вы ведаеце што нарабілі?!

Я імгненна ўявіў сабе, як хтосьці знаходзіць бутэльку, як пачынаецца сьледзтва. Ліхавецкі пакрочыў да машыны:

– Назад. – Кінуў ён кіроўцу. – І як мага хутчэй.

Калі мы вярнуліся ў пакой палітпрацы, у той самы, дзе начавалі, ішлі палітзаняткі.

– Выведзеце групу, – загадаў Ліхавецкі маёру. – Сфатаграфуем для газэты. Пасьпяшайцеся.

Маёр пачаў тлумачыць, што група гэтая – ня лепшая. Але палкоўнік зноў паўтарыў свой загад. Кеша імгненна ацаніў сытуацыю і выцягнуў сваю “лейку”, а я кінуўся ў пакой. Там, у пустым пакоі, я кінуўся да бюсту, рэзка прыўзьняў яго пярэднюю частку і пахаладзеў – бутэлькі не было…

Ня ведаю, чым бы гэта скончылася, калі б рука мая не намацала раптам нешта круглае і халоднае.

– Нашая? – Спытаў Генадзь Уладзіміравіч, калі я асьцярожна выцягнуў з палявой торбы рыльца бутэлькі з чырвоным сургучом:

– Нашая.

Ён стрымана ўздыхнуў і адну за адной праглынуў дзьве вялікія зялёныя таблеткі.

Аляксандар Дракахруст

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG