Сёньня — першая ў новым 2013-м годзе перадача, складзеная паводле пошты «Свабоды». Увайшлі ў яе тыя допісы, якія мы атрымалі ў апошнія дні года мінулага.
Праблемы, пра якія пісалі слухачы ў пераднавагоднія дні, у асноўным застаюцца актуальнымі і цяпер. Адна з самых гарачых тэмаў канца мінулага году — сьнежаньскі дэкрэт Лукашэнкі, якім на шэрагу прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны забаронена звальняць працоўных — нават калі яны гэтага просяць і патрабуюць.
Пра вяртаньне прымусовай працы ў Беларусі разважае ў сваім лісьце на «Свабоду» Алесь Скурко зь Менску. З гэтага допісу пачну сёньняшнюю размову. Слухач піша:
«Рабы ніколі не былі заможнымі — ні ў дрэваапрацоўчай галіне, ні ў якой іншай. І рабская нявольніцкая праца ніколі не была эфэктыўнай. Рабаўладальнікі гэта ўрэшце зразумелі, але было запозна: рабскія імпэрыі пачалі развальвацца, і нішто не магло іх уратаваць...
Але гісторыя, на жаль, ня вучыць таго, хто ёй пагарджае.
Калі я слухаў, як Лукашэнка абяцаў рабочым дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, якіх ён заганяе ў рабства, у будучыні даць высокія заробкі, — я ўспамінаў, як бальшавікі, ірвучыся да ўлады ў Расеі, абяцалі рабочым камунізм. Лукашэнка гэтак жа па-бальшавіцку хоча загнаць простых рабацяг у шчасьце. Але чым скончылася тое будаўніцтва ўсеагульнага шчасьця ў СССР? Развалам, галечай, ГУЛАГам — чым заўгодна, толькі не парадкам і не дабрабытам».
На мінулым тыдні юрысты, якія працуюць у незалежных прафсаюзах, выявілі дзіўнае падабенства гэтага дэкрэту Лукашэнкі з указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 26 чэрвеня 1940 году, якім таксама забаранялася самавольнае звальненьне работнікаў з прадпрыемстваў і ўстаноў. Але гэта быў час, калі ў Эўропе ўжо грымела Другая ўсясьветная вайна, у якой ужо фактычна ўдзельнічаў і Савецкі Саюз. Да таго ж, той указ быў адменены пасьля сьмерці Сталіна, у 56-м годзе.
Тэма новага прыгоньніцтва гучыць і ў лісьце нашага актыўнага слухача і аўтара Мікалая Бусела зь вёскі Пружынішчы Акцябрскага раёну. Ён піша:
«Сказалі вы пра скандальныя візыты Лукашэнкі на дрэваапрацоўку, пра ягоныя пасажы — і ўсё на гэтым. Засталося не асьветленым: якую прадукцыю, якой якасьці будуць выпускаць тыя прадпрыемствы? Куды яе збываць? Цяпер аб’ёмамі нікога ня зьдзівіш. Важней — як і куды прадаць, па якой цане. Бальшавікі не абцяжарвалі сябе пытаньнем збыту: у іх была разнарадка. Дыктатар з той жа кагорты: куды загадае — туды тэарэтычна і павінны прадаць. Але ж вы ведаеце, што гэта ня так. Дык чаму тады не прааналізавалі ўвесь ланцуг?
На тэму п’янства таксама ў 2012 годзе ў вас было шмат гаворкі. Канстатавалі, што на кожную беларускую душу на год прыпадае ўжо 1,3 дэкалітра сьпірту. Але зноў жа — без аналізу зьявы. Між тым гэта — дакладны паказьнік краху эканамічнай палітыкі рэжыму. П’е найперш бедны пласт народу. І, відаць, гэты пласт у нас значны, калі і на маю долю (чалавека, што рэдка ўжывае алькаголь), і на долю маёй жонкі, што за год выпівае мо паўшклянкі таго сьпірту, і на долю маіх дачок і сына, што ня п’юць увогуле — на кожную душу прыпадае ладнае вядро той вадкасьці (кубел на сям’ю на год).
Ведаю, было такое ў маёй улюбёнай Ірляндыі (я там, праўда, ніколі ня быў, я амаль нідзе ня быў) — калі ўсе гналі і пілі. Ад страшэннай беднасьці, галечы. Дык дзе ж ваш аналіз гэтага страшнага зьявішча, панове і падпанове?».
Слушныя заўвагі, спадар Мікалай, абавязкова зьвернем увагу на гэтыя тэмы. Што да масавага п’янства — з такой праблемай сутыкалася ня толькі Ірляндыя, але і іншыя эўрапейскія краіны (што праўда, пераважна паўночныя, з халаднаватым, як і ў нас, кліматам). Амаль усюды стаўка была зроблена на жорсткае дзяржаўнае рэгуляваньне. І гэта вельмі хутка дало плён. Напрыклад, сёньня ў скандынаўскіх краінах (Швэцыі, Нарвэгіі, Фінляндыі) вельмі мала крамаў, якія маюць права гандляваць алькаголем. Працуюць яны, як правіла, у будні да 17-й гадзіны, а па выходных увогуле зачыненыя. Пры гэтым кошт бутэлькі гарэлкі — ад 40 даляраў і вышэй. Рэкляма алькаголю забаронена ўвогуле... У выніку на вуліцах Стакгольма і Осла п’янага ўбачыш вельмі рэдка...
У сёньняшняй Беларусі гарэлка прадаецца на кожным рагу, а каштуе не нашмат даражэй за кока-колу. Пры гэтым улады, апраўдваючы ўласную бязьдзейнасьць, апэлююць да аднаго і таго ж тэзісу: «Усё роўна будуць піць»... Будуць — але не ў такіх маштабах і не з такімі наступствамі. Досьвед скандынаваў гэта выразна паказвае.
Новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Алеся Суворава са Смаргоні. Спадара Алеся даўно турбуе пытаньне: навошта за кошт дзяржаўнага бюджэту ўтрымліваць у райвыканкамах і на прадпрыемствах штат ідэолягаў? Асабліва актуальна гэта пытаньне гучыць у сувязі зь нядаўняй спробай мастака Алеся Пушкіна правесьці ў Смаргоні публічную акцыю. Алесь Сувораў з гэтай нагоды піша:
«З горыччу сачыў я за тым, як у нас у Смаргоні перасьледавалі мастака Алеся Пушкіна — за тое, што дамагаўся годнага ўшанаваньня памяці беларускага патрыёта Расьціслава Лапіцкага. І што ж такое антыграмадзкае ўчыніў мастак? Прайшоўся па Смаргоні з партрэтам Лапіцкага. І за гэта — 10 сутак арышту? Цікава, а калі б у ягоных руках быў партрэт не Лапіцкага, а, скажам, Сталіна ці Лукашэнкі — гэта таксама палічылі б несанкцыянаваным шэсьцем?
Я думаю, настане той час, калі ў Смаргоні зьявіцца і памятная шыльда, і вуліца Лапіцкага.
Вядома, ня ў кожнага хопіць мужнасьці так адстойваць свае погляды, як гэта робіць Алесь Пушкін. Дапамажы, Божа, мастаку!
...Яшчэ хачу зьвярнуць увагу на іншую праблему: разьдзьмутасьць і бязьдзейнасьць чыноўніцкага апарату. Лукашэнка некалькі месяцаў таму абяцаў скарачэньні, але нешта іх не відаць. Асабліва абурае тое, што паўсюль разьвялося шмат так званых „ідэолягаў“. І ў мясцовых органах улады яны, і на прадпрыемствах... А навошта? Калі чалавек рэгулярна чытае „Советскую Белоруссию“ і глядзіць БТ, дык у палітыцы Лукашэнкі, думаю, разьбярэцца і бязь іх. Нешта я ня чуў, каб людзі ішлі на прыём у аддзелы ідэалёгіі ды прасілі патлумачыць нешта пра палітыку ўладаў».
Ідэалягічныя службы ствараліся ня толькі (і ня столькі) дзеля таго, каб у патрэбным уладзе рэчышчы тлумачыць палітыку Лукашэнкі, спадар Алесь. Наіўна было б спадзявацца, што да кабінэта раённага ідэоляга выстраіцца чарга з ахвотных выслухаць лекцыю пра тое, як цудоўна жывецца ў Беларусі «пад мудрым кіраўніцтвам, якое няспынна клапоціцца пра дабрабыт насельніцтва». Не было такіх чэргаў у камуністычны час — няма і цяпер. Чым жа ў такім разе займаецца ідэоляг? Вы, спадар Алесь, слушна пішаце, што ідэалягічную апрацоўку праводзіць у асноўным дзяржаўнае тэлебачаньне і афіцыйны друк. А хто накіроўвае іх, каб трымалі правільную лінію і не дапускалі вальнадумства? Менавіта ідэолягі. Тут і яшчэ адна праблема. Газэта можа быць ідэалягічна бездакорнай, стэрыльнай — але ж гэта паўсправы. Што рабіць, калі людзі ня хочуць яе чытаць? Правільна, ёсьць такі інструмэнт, як прымусовая падпіска, якая праводзіцца зноў жа пад кіраўніцтвам ідэолягаў.
І ў інцыдэнце вакол акцыі, наладжанай Алесем Пушкіным, думаю, таксама не абышлося без раённай ідэалягічнай службы. Як мясцовай міліцыі самастойна разабрацца ў тым, хто такі Лапіцкі, з партрэтам якога выйшаў на вуліцы Смаргоні мастак? А раптам гэта прыхільнік палітыкі Лукашэнкі? Па кансультацыі ў такіх выпадках зьвяртаюцца менавіта да ідэолягаў.
Цікавую гісторыю з уласнага жыцьця распавёў наш слухач Вадзім Козік з пасёлку Навасёлкі Петрыкаўскага раёну. Размова — пра ўзровень беларускай мэдыцыны, пра тое, якія дыягназы ставяць дактары і якія наступствы такіх дыягназаў. У лісьце на «Свабоду» спадар Вадзім піша:
«Хачу паведаміць усяму грамадзтву, як у нас лечаць людзей. У траўні 93 году мяне паклалі на абсьледаваньне ў Гомельскі псыханэўралягічны дыспансэр. Глядзелі, вывучалі...А ў ліпені выпісалі, сказаўшы: „Вы абсалютна здаровы...“
А празь месяц яшчэ раз паклалі. Вядома, не па маёй волі. І гэтым разам дыягназ быў іншы. Урэшце ў лістападзе мне далі другую групу інваліднасьці. Ну, думаю: далі дык далі.
Пасьля гэтага я паехаў і ўладкаваўся на працу ў Расею. Спачатку — на цеплаэлектрацэнтралі нумар 21, потым — на іншых работах у Маскве. Працую там і цяпер.
У ліпені 1997-га пайшоў вучыцца на вадзіцеля. Здаў на катэгорыі „А“ і „В“. Атрымаў правы. Завёў сям’ю, дзяцей. Што адметна: як інвалід атрымліваю ў Беларусі пэнсію — 1 600 000 беларускіх „зайчыкаў“ (менавіта так я і мае землякі-беларусы, што працуюць са мной у Расеі, называем валюту цяперашняга прэзыдэнта нашай краіны). Колькі атрымліваю там — не скажу, але, вядома, больш, чым гэтая пэнсія.
Час ад часу мяне накіроўваюць на абсьледаваньне ў бальніцу „Цэнтар“ (так называюць Менскі псыханэўралягічны шпіталь). Зноў і зноў падаўжаюць групу інваліднасьці. Ім здаецца, што я хворы. Адметна, што расейскія ўрачы лічаць мяне цалкам здаровым. А хто зь іх мае рацыю — вырашаць вам».
Разам зь лістом ён даслаў копіі мэдычных даведак, якія сьведчаць, што ў яго, паводле высноў кваліфікаванай камісіі, няма ніякіх адхіленьняў у стане здароўя, якія б перашкаджалі кіраваць транспартнымі сродкамі...
Зразумела, спадар Вадзім, мы ня можам быць экспэртамі ці судзьдзямі ў ацэнцы мэдычных дыягназаў. Тым ня менш ваша гісторыя схіляе да некаторых пытаньняў. Калі ў Расеі вы ўжо шмат гадоў займаецеся працай, якая патрабуе добрага здароўя — то што гэта за мэдкамісія, якая ўвесь час прызнае вас інвалідам?
Увогуле, гісторыя выглядае дзіўнай — асабліва ўлічваючы шматлікія сьведчаньні сапраўды пакалечаных, нямоглых людзей, якія ў Беларусі пэрыядычна мусяць даводзіць сваю інваліднасьць — нават у тым выпадку, калі яна відавочная і незваротная (напрыклад, калі чалавек ня мае нагі ці рукі).
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by