Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Кіраўніка «Беллегпраму» выгнаць да вечара!

абноўлена

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка звольніў гендырэктара канцэрна «Беллегпрам» Генадзя Вырко, яго намесьніка Андрэя Мытніка, кіраўніка ААТ «Камволь» Сьвятлану Стрыжак.

«Кіраўніка канцэрна і яго намесьніка выгнаць да вечара з працы. І да Новага году ўнесьці прапановы аб новым старшыні канцэрна», — заявіў Лукашэнка,

«Вам зь Мясьніковічам апошні званок»


Лукашэнка прыгразіў адстаўкай кіраўніцтву ўрада, апошні раз папярэдзіўшы прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча і яго першага намесьніка Ўладзімера Сямашку. «Вам зь Мясьніковічам апошні званок», — заявіў Лукашэнка, зьвяртаючыся да першага віцэ-прэм’ера. «Мне апраўданьняў ня трэба. Я сюды не за апраўданьнямі прыехаў, я добра ведаю, што адбываецца на прадпрыемстве «Камволь», — адзначыў ён падчас наведваньня ААТ «Камволь».

«Жылі мы без МВФ, і будзем жыць»


Таксама Лукашэнка назваў Міжнародны валютны фонд палітычнай арганізацыяй, і заявіў, што не разьлічвае на новую праграму супрацоўніцтва з фондам. «Жылі мы без МВФ, і будзем жыць. Спакойна, ня трэба асабліва перажываць, што мы рухнем. Не абрынемся, як камусьці гэтага хацелася б», — заявіў Лукашэнка.

Адносна прапановы МВФ пра структурныя рэформы ў беларускай эканоміцы Лукашэнка заявіў:

«Гэта структурныя рэформы, але ў інтарэсах тых, хто трымае МВФ. Ім было б лепш, калі б мы гэтыя прадпрыемствы распрадалі. Ня важна каму, нават, можа быць, грамадзянам Беларусі. Яны купяць у нашых грамадзян за бутэльку, яшчэ за нешта. Нас хочуць падзяліць, хочуць, каб мы хутка прадалі. А МВФ будзе працаваць у інтарэсах Захаду, Амэрыкі. Гэта нармальна для іх, а для нас нармальна, калі гэта будзе нармальна для беларусаў, і ў гэтым ключы я буду дзейнічаць, чаго б мне гэта не каштавала. Я — беларускі прэзыдэнт, а не кіраўнік МВФ або падручны ЗША ці Эўразьвязу. Я — беларускі прэзыдэнт, ім і застануся».


«Калі прэзыдэнт ня будзе хадзіць па цэхах — гэта не прэзыдэнт»


Першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка сказаў, што цяперашні дырэктар «Камволя» працуе на сваім месцы і што справіцца з задачамі.

Лукашэнка: «А я лічу, што не. Калі людзі сядзяць без заробку, сядзяць у халодных цэхах. Вы б сваю жонку сюды не адправілі б працаваць».
Я спадзяваўся, што з-за страху Мясьніковіч, Сямашка, Ладуцька зробяць нешта па сутнасьці


Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ён адмыслова адкладваў сваё наведваньне прадпрыемства. «Я спадзяваўся, што з-за страху Мясьніковіч, Сямашка, Ладуцька зробяць нешта па сутнасьці. Нічога ня зроблена. Як было, так усё і засталося».

«Тое, што я тут убачыў, — злачынная безадказнасьць. І тут хадзіў і Мясьніковіч, і Сямашка», — сказаў Лукашэнка.

«Калі прэзыдэнт ня будзе хадзіць па цэхах і ўнікаць у працэсы — гэта не прэзыдэнт. Ва ўсялякім выпадку, у Беларусі. Ходзіць таму, што лайдачаць іншыя. Але я не хачу тут паўстаць перад народам нейкім героем — гэта зьвязана з працэсамі мадэрнізацыі. Мой памочнік (Пётар Пракаповіч) пакуль яшчэ не спраўляецца з абавязкамі».


«Ня зробіш прадпрыемства — сядзеш».


Лукашэнка прызначыў гендырэктарам менскага прадпрыемства «Камволь» галоўнага інжынэра прадпрыемства Віктара Гаўрыленку і даручыў яму ў сьціслыя тэрміны правесьці рэканструкцыю прадпрыемства:

«Ня зробіш прадпрыемства — сядзеш».

«Я абяцаю: да наступнай зімы тут адбудуцца сур’ёзныя зьмены», — цытуе Лукашэнку Інтэрфакс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG