Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч абяцае падтрымаць беларускую мову і хваліць Пазьняка

абноўлена

Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

Лібэральна-дэмакратычная партыя абвесьціла, што пачынае рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году.

Пра гэта сёньня на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў намесьнік старшыні партыі Алег Гайдукевіч. Ён хваліў Зянона Пазьняка за тое, што той адкрыў людзям вочы на сутнасьць беларускай апазыцыі, і паабяцаў напрыканцы тыдня паведаміць пра «сэнсацыйныя захады партыі ў падтрымку беларускай мовы».

Алег Гайдукевіч заявіў, што цягнуць з падрыхтоўкай да выбараў нельга. Ён прагназуе, што падчас наступнай кампаніі сутыкнуцца тры сілы: улада, якая сёе-тое робіць правільна, але ўсім ужо надакучыла; апазыцыя, якая зноў ня здолее выставіць адзінага кандыдата; народны рух на аснове лібэральных дэмакратаў.

Сёньня было заяўлена, што ў бліжэйшых плянах народнага руху — прэзэнтацыя эканамічнай праграмы, барацьба са спойваньнем насельніцтва, акцыя ў падтрымку беларускай мовы.

На пытаньне «Свабоды», як ЛДП зьбіраецца падтрымліваць беларускую мову, Алег Гайдукевіч адказаў:

«Я думаю, да канца тыдня мы зробім сур’ёзную заяву ў падтрымку беларускай мовы. Я пакуль ня буду пра гэта казаць, бо гэта будзе спэцыяльная заява. Ёй, я спадзяюся, мы вельмі зьдзівім увесь палітычны бамонд Беларусі. Я хачу разьвеяць міт. ЛДП — не прарасейская партыя. І не празаходняя. А прабеларуская. Мы жывем тут».

Алег Гайдукевіч на прэсавай канфэрэнцыі скрытыкаваў беларускую апазыцыю:

«Мы ўдзячныя Зянону Пазьняку: ён агучыў тое, што Лібэральна-дэмакратычная партыя гаварыла цягам 10 гадоў палітычнага жыцьця. А Зянон Пазьняк сказаў, што ўся наша апазыцыя тут жыве толькі дзеля таго, каб дзяліць эўрапейскія грошы».

«Гэтае выказваньне Гайдукевіча ня стала для мяне нечаканым», — сказаў "Свабодзе«сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
«Апазыцыя павінна рабіць працу над памылкамі. І гэта тычыцца ўсіх без выключэньня. Менавіта так я ацэньваю заяву спадара Пазьняка. Тое, што гэтую заяву выкарыстоўваюць прадстаўнікі ўлады — такія, як Гайдукевіч, Лукашэнка альбо Якубовіч, — ад гэтага мы, зразумела, не застрахаваныя. Яны будуць чапляцца за любую дробязь».

Алег Гайдукевіч таксама зьвярнуўся да Зянона Пазьняка з заклікам неадкладна вярнуцца ў Беларусь:

«Час вяртацца на Радзіму. Ніхто цябе тут не кране. Больш за тое — сустрэнуць з кветкамі. А чаму? А таму што ён тут ужо нікому не патрэбны. 70 гадоў чалавеку. Што ён будзе расказваць?»

Намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі кажа, што рызыкаваць жыцьцём Зянона Пазьняка нельга:

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі
«Пазьняк — гэта такая асоба на нашым палітычным небасхіле, чыё значэньне, як кажуць, цяжка пераацаніць. Ясна, што ворагі нашай краіны, нашай незалежнасьці вельмі б хацелі зьнішчыць гэтую асобу. І што б яны ні казалі, што б ні рабілі, а сёньня інтэлект Пазьняка працуе на Беларусь. І працуе надзвычай магутна».



Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«Такія выказваньні чытаць і сьмешна, і сумна. Натуральна, для ЛДПБ вялікая ўдача, што яны могуць спрабаваць сябе зараз паставіць на адзін узровень з Пазьняком. Але розьніца калясальная. Пазьняк, нават калі гаворыць лухту і абражае апазыцыю, — усё роўна застаецца Пазьняком, чалавекам-легендай. Намесьнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч, калі гаворыць лухту і абражае апазыцыю, — так і застаецца нікому невядомай і нецікавай асобай, якая з уласнай ініцыятывы грае ролю таго, хто падглядае на прыёмах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG