Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму вязьні горбяцца?


«Я вярнуўся дадому з калёніі-пасяленьня Гезгалы ў стане духоўнай і фізычнай раўнавагі, з прамой паставай, мускульнай сілай і адчуваньнем, што я — моцны чалавек. Гэта ня значыць, што ў турме я стаў здаровым фізычна. Проста я загнаў свае хваробы ўглыб. Гэта ўдалося дзякуючы маім пошукам у змаганьні за выжываньне. Брашуру, якую я напісаў за кратамі і якую самвыдатам выпусьцілі мае сябры, я так і назваў: сыстэма выжываньня чалавека. Гэтая праца была маім абавязкам перад іншымі зьняволенымі, зь якімі я апынуўся разам за кратамі».

Так пачынаецца новая кніга колішняга вязьня сумленьня, доктара мэдыцыны Юрыя Бандажэўскага «Як выжыць у турме», якая выйдзе пры канцы году ў рамках праекту «Бібліятэка Свабоды».

Ужо ў гэтых самых першых радках будучага даведніка пра «прамую паставу» крыецца адна з праблемаў беларускіх зьняволеных, прынамсі сучасных. Той, хто пэрыядычна сустракаецца з асуджанымі ці нядаўна вызваленымі, зьвяртае ўвагу, як за час турмы мяняецца гэтая самая пастава чалавека. Многія, хто на волі ўспрымаўся высокім, ужо такімі не падаюцца.

Парушэньне паставы і наступствы


Марына Лобава
Марына Лобава
«Мой сын служыў у войску, у яго заўсёды была прамая пастава, у няволі пачаў горбіцца», — сказала падчас сустрэчы зь сяброўкамі маці палітвязьня Эдуарда Лобава — Марына. Падобную асаблівасьць у сваіх сынах ды мужах адзначаюць падчас спатканьняў і іншыя жанчыны.

Сустрэча родных палітвязьняў у кавярні
Сустрэча родных палітвязьняў у кавярні
На сустрэчу ў кавярню яны прыйшлі, каб абмеркаваць зьнятае пра іх на звычайны мабільнік аматарскае відэа «Жанчыны. Плошча». Гэта шчыры расказ жанчын пра тое, што прымушае іх, раней такіх далёкіх ад палітыкі, уключацца ў актыўнае грамадзкае жыцьцё. (Ідэя праекту належыць пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч і яе сябрам.) Маці і жонкі палітвязьняў гаварылі і на розныя іншыя тэмы. Сярод іншага — і пра тое, чаму людзі ў турме пачынаюць горбіцца.

Людміла Мірзаянава
Людміла Мірзаянава
Доктар псыхалёгіі Людміла Мірзаянава на гэтае пытаньне адказвае так:

«Турэмнае зьняволеньне — магутны ўдар па ўпэўненасьці чалавека ў самім сабе. У небясьпечнай прасторы, без падтрымкі звонку, чалавек падсьвядома імкнецца паводзіць сябе так, каб не прыцягнуць увагі турэмнага начальства, не справакаваць агрэсію з боку іншых зьняволеных. Ён горбіцца, уцягвае галаву ў плечы.

Адна з парадаў па разьвіцьці ўпэўненасьці ва ўласных сілах пасьля выхаду на волю — гэта выпрастаць паставу. Яшчэ больш важны момант — думаць пазытыўна, не асуджаць людзей, больш дабра рабіць людзям, якія вакол, пазбаўляцца ад страхаў (страх — вораг!), дзейнічаць, сфакусаваўшыся на мэтах. І, нарэшце, перагледзеўшы гардэроб, апранацца так, каб на сто адсоткаў падабацца самому сабе».

А вось якое меркаваньне на просьбу «Свабоды» выказаў доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі.

Юры Бандажэўскі
Юры Бандажэўскі
«Напачатку ў мяне таксама была падобная вэрсія …Аднак, калі я ўспомніў сябе ды іншых знаёмых вязьняў, то ня стаў акцэнтаваць на гэтым увагу. Так, ёсьць нямала такіх, якія падсьвядома імкнуцца паводзіць сябе, каб не прыцягнуць увагі турэмнай адміністрацыі. Аднак ёсьць Статкевіч, ёсьць Дашкевіч, ёсьць тыя ж анархісты, іншыя зьняволеныя, якія, я ўпэўнены, не схіляюць галавы.

Як мэдык я бачу адной з прычынаў парушэньня паставы адсутнасьць у месцах пазбаўленьня волі ўмоваў для адпачынку хрыбетніка. Чалавек увесь час у напружаным стане (паспрабуйце ўвесь дзень правесьці на нагах). Калі вязень і дазволіць сабе прысесьці, дык толькі на кароткі час, прычым у паставе, далёка не нармальнай зь фізіялягічнага гледзішча. Адсюль і дысбалянс у працы цягліц шыі, хрыбетнага слупа, поясу верхніх канечнасьцяў.

Аднак пры гэтым варта абавязкова адзначыць парушэньне мінэральнага абмену ў касьцёва-цяглічна-сустаўнай сыстэме, якое абумоўленае, перш за ўсё, дысбалянсам у харчаваньні — гэта адсутнасьць у рацыёне належнай колькасьці мінэралаў, вітамінаў і іншых жыцьцёва важных біялягічных агентаў.

У выніку ўсё гэта прыводзіць ня толькі да парушэньня паставы, але і да больш сур’ёзных парушэньняў усёй касьцёва-цяглічнай сыстэмы. У якасьці прыкладу прывяду свой выпадак. Правёўшы шмат гадоў за кратамі, ужо на вольным пасяленьні ў Гезгалах, я вырашыў перасунуць лядоўню, якая стаяла ў пакоі. На зоне я падтрымліваў сябе з дапамогай розных фізычных нагрузак, дагэтуль на волі таксама рэгулярна займаўся практыкаваньнямі з вагой. Перасунуць лядоўню не было для мяне праблемай. Аднак, калі я прыўзьняў левай рукой ніжні край лядоўні, то адчуў разрыў цягліцы. Доўгая галоўка біцэпсу (дзьвюхгаловая цягліца) у яе сухажыльнай частцы адарвалася. Ужо потым давялося рабіць апэрацыю на руцэ. Такім чынам, пры наяўнасьці разьвітай мышачнай тканкі ў мяне назіраліся парушэньні абмену рэчываў у злучальнай тканцы, якая ўтварае сухажыльную частку біцэпсу. Сухажыльная тканка страціла элястычнасьць і трываласьць, таму і адбыўся яе разрыў — нават пры нязначным фізычным узьдзеяньні. Варта падкрэсьліць, што ад стану злучальнай тканкі нашых органаў, у тым ліку і касьцявога шкілета, залежыць жыцьцядзейнасьць арганізму. Гэта сыстэма, вельмі адчувальная да ўсіх вонкавых узьдзеяньняў.
Парушэньне паставы — гэта толькі відочная частка айсбэргу, то бок сур’ёзных парушэньняў абмену рэчываў і структуры апорна-рухальнага апарату...

Так што парушэньне паставы — гэта толькі відочная частка айсбэргу, то бок сур’ёзных парушэньняў абмену рэчываў і структуры апорна-рухальнага апарату. Карэкцыі падлягае лад жыцьця чалавека, у тым ліку рацыён харчаваньня. І, вядома, патрэбныя рэгулярныя заняткі фізычнымі практыкаваньнямі — але, зноў жа, з улікам таго, што ў чалавека парушаны абмен рэчываў і ў жыцьцёва важных органах і сыстэмах ёсьць сур’ёзныя зьмены. Як лекар і былы вязень разумею, што ва ўмовах зьняволеньня гэта вельмі цяжка. Магу толькі прапанаваць чытачам яшчэ раз зьвярнуць увагу на сыстэму, якую я распрацаваў у няволі. Яна дапамагае захаваць здароўе з улікам канкрэтнай сытуацыі».


Лісты з-за кратаў


На сёньня турма — адно з тых рэдкіх ужо месцаў на Зямлі, дзе людзі з задавальненьнем пішуць ад рукі і шануюць такі распаўсюджаны яшчэ зусім нядаўна эпісталярны жанр. Пра што пішуць беларускія вязьні 21 стагодзьдзя?

Урывак зь фільму «Жанчыны. Плошча», дзе Лера Хоціна чытае ліст мужа — Мікалая Дзядка

Маці асуджанага Наваполацкай калёніі, палітвязьня Ігара Аліневіча — Валянціна перадала ў рэдакцыю адзін з апошніх лістоў свайго сына. Ігар напісаў яго пасьля таго, як атрымаў ад яе раздрукоўкі апублікаванай на нашым сайце «Сыстэмы выжываньня» Юрыя Бандажэўскага. (Такія ж раздрукоўкі Валянціна накіравала некаторым вязьням у іншыя калёніі.)

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч
Ігар піша:

«І зноў прывітаньне, дарагія мама і тата. Сёньня, 5 кастрычніка, я атрымаў ваш ліст за 7 жніўня. Цуд, але ці нам да гэтага прызвычайвацца?!

Прачытаў некаторыя раздрукоўкі Бандажэўскага… Напісана зь веданьнем справы… Затое камэнты часам „усьміхаюць“, асабліва калі людзі звонку пачынаюць разважаць пра культуру зьняволеных. Нагледзеліся фільмаў, а насамрэч усё зусім ня так.

Энэргетычны комплекс Бандажэўскага вельмі „граматны“. Яго розныя элемэнты разумнейшыя сядзельцы выконваюць. Я асабіста прызвычаіўся разьмінацца, як у сябе на трэніроўках, аднак у камэры комплекс Бандажэўскага пасуе лепш. Больш за ўсё мяне зацікавілі псыхатэхнікі. Я мэдытаваў падобнымі спосабамі. Па аналёгіі з тэхнікай „воўк“, калі нібыта ўступаў у схватку з сваімі ворагамі, або па аналёгіі з тэхнікай „мае карані“, калі знаходзіш сілы ў калектыўным мінулым. Цяпер буду сьвядома так паглыбляцца — паглядзім, як атрымаецца. Што да сродкаў акрыяньня, то ня ведаю… Сам амаль не хварэю. Выснова ў мяне такая: тыя, хто рэгулярна займаецца фізкультурай, маюць пачуцьцё гумару, будуюць пляны — маюць вышэйшы жыцьцёвы тонус ды пазытыўную аўру. А тыя, хто замыкаецца на сабе, жывуць як тыя шкоднікі-грэмліны (пэрсанажы амэрыканскай фантастыкі. — РС) ці як „гародніна“ (варыянты дзьвюх супрацьлеглых рэакцыяў на стрэс).

Увогуле, добрая праца ў Бандажэўскага. Галоўнае — штодня бачыць сэнс ва ўсіх выпрабаваньнях. Не расчароўвацца і самому не сысьці з фундамэнту розуму, сумленьня ды годнасьці. Мы мацнейшыя, і мы пераможам».


Нябачная сувязь


Валянціна Аліневіч
Валянціна Аліневіч
«Для таго каб падлічыць, колькі я бачыла сына за час яго двухгадовага зьняволеньня, хопіць пальцаў адной рукі», — кажа маці Ігара Аліневіча — Валянціна. Найчасьцей гэта былі кароткія спатканьні праз тэлефон і шкло. Тое ж самае тычыцца і іншых маці ды жонак палітвязьняў. Аднак, перакананая Валянціна Аліневіч, нягледзячы на такую ізаляцыю нашых дзяцей ды мужоў, паміж намі існуе нешта нашмат мацнейшае за вонкавую сувязь.

З маці палітвязьня мы гутарым пра тое, што антраполягі называюць ангельскім словам «бондынг». У перакладзе гэты тэрмін азначае лучнасьць. Маецца на ўвазе нябачная ірацыянальная сувязь паміж маці і дзіцём, якая трывае яшчэ доўга пасьля таго, як перарэжуць пупавіну, свайго роду шостае пачуцьцё, калі маці адчувае сваё дзіця на нейкім глыбінным узроўні.

Ігар Аліневіч з маці і сястрой. Фота зь сямейнага архіву
Ігар Аліневіч з маці і сястрой. Фота зь сямейнага архіву
Валянціна Аліневіч: «Вельмі моцнай гэтая тэлепатычная сувязь была, калі Ігар знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Я абсалютна нічога ня ведала, ад Ігара не было аніякіх зьвестак. Аднак мне было так кепска, што перадаць гэта проста немагчыма. (Як потым высьветлілася, Ігара там зьбівалі, дамагаючыся, каб ён працаваў на гэтае ведамства.) А потым я атрымала ад яго нечаканы ліст з «Амэрыканкі»:

«Дзіўна, што ў гэтай маленькай камэры я бачу такія дзіўныя каляровыя сны. Быццам бы я ператварыўся ў сабаку і бегаю з камэры СІЗА да сябе на працу ў вытворчае аб’яднаньне „Пэленг“. Аднойчы, вяртаючыся з працы ў камэру, я бачу, як у вялікай чарзе ля КДБ стаяць жанчыны зь перадачамі для сваіх родных. Сярод іх бачу і цябе. Захацеў да цябе падбегчы, але падумаў: а раптам і цябе гэбісты таксама пасадзяць. Таму зрабіў выгляд, што не пазнаў цябе, і пабег далей».

«Ігар заўсёды імкнецца аберагаць мяне ад розных перажываньняў», — працягвае яго маці.

Цалкам інтэрвію Валянціны можна праслухаць у праграме «Свабода ў турмах».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:24:06 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG