Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-шэфа Масаду ўратавалі Лібэрман і Лукашэнка


Прэм'ер Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу (справа) разьвітваецца з Мэірам Даганам, які пакідае пасаду кіраўніка Масаду. 2 лістапада 2011
Прэм'ер Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу (справа) разьвітваецца з Мэірам Даганам, які пакідае пасаду кіраўніка Масаду. 2 лістапада 2011

Такое меркаваньне выказала ізраільская газэта Maariv.

Стан здароўя былога кіраўніка Масаду Мэіра Дагана, якіна мінулым тыдні перанёс апэрацыю па перасадцы печані ў Менску, значна палепшылася. І хоць Даган усё яшчэ ляжыць у рэанімацыйным аддзяленьні, ён у прытомнасьці.

Даган папрасіў сваю жонку і сяброў прынесьці яму «добры кавалак ласося», аднак адміністрацыя забараняе сваякам пацыентаў прыносіць у шпіталь харчаваньне. Таму былому кіраўніку зьнешняй разьведкі Ізраілю давялося абыходзіцца шпітальнай ежай.

Даган размаўляе мала, і тым, хто наведвае яго ў шпіталі, ён паведамляе, што ў яго «ўсё ў парадку». Мяркуецца, што бліжэйшымі днямі ён будзе пераведзены ў звычайнае аддзяленьне.

Тым часам зьяўляюцца новыя падрабязнасьці, зьвязаныя з гісторыяй шпіталізацыі Дагана. Некалькі тыдняў таму міністар замежных справаў Ізраілю Авігдор Лібэрман зьвярнуўся да аднаго з афіцыйных ізраільскіх прадстаўнікоў у сталіцы Беларусі, расказаў яму аб сытуацыі, у якой апынуўся былы кіраўнік Масаду, і папрасіў зьвярнуцца да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі з просьбай шпіталізаваць Дагана ва ўрадавым шпіталь — з мэтай правядзеньня апэрацыі па перасадцы печані.

У той самы дзень ізраільскі прадстаўнік зьвярнуўся да намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Тозіка, і той перадаў просьбу Лукашэнку. «Прэзыдэнт Лукашэнка зацьвердзіў гэтую просьбу на працягу двух з паловай гадзінаў», — распавёў нам адзін з удзельнікаў гэтых перамоваў.

Ужо праз два дні пасьля гэтага Даган быў дастаўлены ў Менск на прыватным самалёце. Яго сустракаў намесьнік начальніка сакрэтнай службы Беларусі. Даган прыляцеў у Менск разам з жонкай і дзецьмі, у суправаджэньні ізраільскіх целаахоўнікаў. Былы кіраўнік Масаду быў прыняты на ўзроўні кіраўніка дзяржавы і дастаўлены ў гатэль у суправаджэньні картэжу урадавых аўтамабіляў.

На працягу пяці наступных дзён ён прайшоў усе неабходныя мэдычныя праверкі, якія пацьвердзілі гатоўнасьць да апэрацыі. Цяпер заставалася толькі знайсьці донара. Адміністрацыя мэдычнага цэнтру паведаміла, што працэс пошуку зойме два-тры дні, і Даган вырашыў вярнуцца ў Ізраіль, каб правесьці дні перад апэрацыяй з унукамі. Празь некалькі гадзінаў пасьля таго, як ён вярнуўся дадому, яму патэлефанавалі зь Менску і паведамілі, што донар знойдзены.

Даган вярнуўся ў сталіцу Беларусі. Сьледам за ім у Менск спэцыяльным рэйсам з Парыжу прыляцеў францускі хірург, доктар Даніэль Азулай. «Гэтым разам Даган выглядаў па-сапраўднаму хворым, — распавёў нам адзін з тых, хто сустракаўся з былым кіраўніком Масаду ў гэтыя дні. — Ён зь цяжкасьцю дыхаў, яго твар меў чорны колер. Ён выглядаў так, нібы знаходзіўся пры сьмерці».

Беларускія спэцслужбы падрыхтавалі для Дагана раскошны аўтамабіль БМВ, аднак той палічыў за лепшае выправіцца ў шпіталь разам з жонкай і целаахоўнікамі на звычайнай машыне, якую суправаджалі ўрадавыя аўтамабілі. У шпіталі доктар Азулай неадкладна прыступіў да правядзеньня апэрацыі, якая доўжылася дзевяць гадзін. Яму дапамагаў калектыў мясцовых лекараў, які атрымаў высокую ацэнку за свой прафэсіяналізм ад францускага хірурга.

За некалькі гадзін да апэрацыі, у ходзе правядзеньня апошніх праверак, Даган перадаў Лібэрману праз аднаго з ізраільскіх прадстаўнікоў у Менску такое паведамленьне: «Скажы дзякуй Івэту» (Івэт - памяншальная форма імя Лібэрмана. - РС).

Лібэрман працягвае атрымліваць інфармацыю пра стан Дагана ў менскім шпіталі. Пацыента наведаў таксама беларускі міністар аховы здароўя. Некалькі дзён таму прэзыдэнт Шымон Пэрэс патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку і падзякаваў яму за дапамогу. Лукашэнка расказаў Пэрэсу, што ён знаёмы з Даганам па мінулых сустрэчах і запрасіў ізраільскага прэзыдэнта наведаць Беларусь.

Даведка «Свабоды»: Трансплянталёгія ў Беларусі


Колькі каштуе трансплянтацыя

Цяпер у Беларусі робяць апэрацыі па трансплянтацыі ныркі, касьцявога мозгу, пячонкі, сэрца, праводзяць перасадкі ствалавых клетак чалавека і тканак: рагавіцы, скуры і касьцявой тканкі.

Грамадзянам Беларусі апэрацыі па перасадцы органаў праводзяцца бясплатна.

Каштарысы апэрацыяў:

Нырка:

апэрацыя — $6-13 тыс.
пасьляаперацыйная тэрапія аднаго хворага на год — $5 тыс.

Пячонка:
апэрацыя — $30–35 тыс.
лячэньне пасьля апэрацыі — $6 тыс. на год

Сэрца:
апэрацыя — $30–50 тыс.
тэрапія, каб орган прыжыўся ў арганізьме, — $15 тыс. на год.


Цэны на трансплянтацыю за мяжой:
сэрца — $500 тыс.
пячонка — $50–100 тыс.
ныркі, падстраўнікавая залоза — $30–40 тыс.

Чарга па нырку — 500 чалавек


Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод у сьвеце выконваецца 100 тысяч апэрацыяў па трансплянтацыі органаў і больш за 200 тысяч апэрацыяў па трансплянтацыі тканак і клетак чалавека.

Разьлікі міжнароднай Асацыяцыі трансплянтолягаў сьведчаць, што ў краіне з 10-мільённым насельніцтвам штогод перасадка ныркі патрэбная 600 хворым, пячонкі — 400-м, перасадка сэрца — 500-м. Агулам такой краіне патрэбна больш за 2 тысячы апэрацыяў трансплянтацыі на год.

У Беларусі за 2011 мэдыкі зрабілі 25,5 апэрацыяў на адзін мільён насельніцтва. Для параўнаньня: у ЗША за год адбываецца 90 апэрацыяў на 1 мільён насельніцтва.

Чарга на трансплянтацыю паводле стану на травень 2012 году:
  • Нырка — 500 чалавек
  • Пячонка — 75
  • Падстраўнікавая залоза — 20
  • Сэрца — 35


У Беларусі ёсьць ліміт на апэрацыі для замежнікаў — ня болей за 10% ад агульнай колькасьці. Найбольш кліентаў прыяжджае з Украіны, Расеі, таксама едуць з Ізраілю, Літвы, Латвіі, Даніі і Італіі.

Пячонка чалавека
Пячонка чалавека
У 2008 годзе група мэдыкаў 9-га менскага гарадзкога клінічнага шпіталя правяла першую апэрацыю перасадкі пячонкі. Апэрацыя доўжылася 12 гадзін, у ёй удзельнічала каля 20 спэцыялістаў. Для правядзеньня апэрацыі спатрэбіліся кампанэнты крыві 38 донараў.

Апэрацыя перасадкі пячонкі лічыцца адной з самых складаных у трансплянталёгіі.

  • За 2008 год у Беларусі пячонку перасаджвалі 9 разоў
  • У 2009 — 25
  • У 2010 — 17
  • У 2011 — 43.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG