Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё ў спыненым часе*


Адчуваньне, што час пачынае спыняцца, прыйшло ў 2006-м. У тры гадзіны ночы нам у Вільню затэлефанаваў з Бэрліну сябра мастак і, рыдаючы ў слухаўку, сказаў, што лягер моладзі на Плошчы разганяюць...

Канчаткова стала зразумела, што час спыніўся, у 2010-м. Успомнілася атмасфэра 1980-га і нават сярэдзіны 1970-х гадоў, эпохі застою, беспрасьветнасьці і таго, што нічога не адбываецца.

Спынены час – як дом без гаспадара, як стаячая вада. Ён выклікае ў душы паныласьць, гасіць творчыя інтэнцыі. Тут сапраўды ніхто не жыве.

І вось у такім спыненым часе ў 1980 годзе ўзьнікла Майстроўня – першае беларускае нефармальнае аб'яднаньне моладзі. Я назваў сваю кніжку «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду», таму што відавочнай і адназначнай прычыны яе ўзьнікненьня так і не знайшоў. Гэта быў вынік дзясяткаў розных зьбегаў абставінаў. У кнізе прадстаўленыя больш за 50 чалавек, і кожны зь іх апынуўся ў Майстроўні неяк па-свойму. Але ўсіх гэтых тлумачэньняў мне недастаткова, таму я і назваў гэтую зьяву цудам.

Прадбачу вашае пытаньне «як запусьціць час?» і даю на яго гэткі «неканструктыўны» адказ, хоць і не спыняю пошукаў, імкнуся разгледзець «спосаб» у той майстроўскай гісторыі.

Уявіце сабе, што паўсотні 20-гадовых людзей, захопленых беларушчынай, зьбіраюцца і робяць разам агульную справу. Майстроўня не была дысыдэнцкай арганізацыяй, яна ладзіла масавыя імпрэзы і ўцягвала ў сваё кола мноства пабочнага народу. І такім чынам ангажаваных у беларушчыну людзей рабіліся тысячы.

Далей важны момант. У пачатку 1980-х гадоў Майстроўня запусьціла стрэлкі гадзіньніка. Спынены час пайшоў. З чаго так можна меркаваць? З таго, што ў Беларусі пачала стварацца актуальная культура. Дастаткова ўзяць сьпіс пэрсонаў, удзельнікаў Майстроўні, прадстаўленых у гэтай кнізе, каб пабачыць творцаў першае велічыні: Генадзя Мацура, Зьмітра Коласа, Міхала Анемпадыстава, Ларысу Сімаковіч, Віктара Асьлюка, Лявона Вольскага, Сяргея Харэўскага, Сержука Цімохава, Сяргея Шупу ды шмат іншых.

Узьнікла «новая культурная сытуацыя».

Сярод зьяваў той актуальнай культуры першай назаву ананімную паэму. Напрыканцы 1980-х гадоў пасьля знакамітых падзеяў на Ўсходніх могілках у Менску, дзе адбыўся разгон першай у Савецкім Саюзе перастроечнай масавай дэманстрацыі, зьявілася ананімная паэма «Нарабілася бяды ў нядзельку на Дзяды». Потым было абвяшчэньне незалежнасьці, выбары першага прэзыдэнта і па руках пайшла «Песьня пра Беларусьніка». Яна была перасьпевам паэмы Горкага «Песьня аб буравесьніку» і выдатна ілюстравала мэтамарфозы таго зрушанага зь мёртвай кропкі часу. Калі ў Горкага сканчаецца – «Пусть сільнее грянет буря», дык у «Беларусьніку» замест буры было Нешта. «Нешта, хутка будзе Нешта». І ў канцы – «Хай хутчэй надыдзе Нешта!». Храналягічна наступны твор – «Лука Мудзішчаў прэзыдэнт»...

Пасьля ананімныя паэмы зьяўляцца перасталі. Тым часам аднавілася «Наша Ніва», таварыства «Тутэйшыя» прывяло ў літаратуру цэлае паэтычнае пакаленьне. Быў узьлёт рок-музыкі. Зьявіўся «Народны альбом», песьні «Уліса», Памідорава. Грымеў тэатар Манаева. Найлепшыя свае творы пісалі барды...

Пасьля і гэта ўсё зьнікла. Гэта і нешта падобнае на гэта.

Штосьці, натуральна, робіцца сёньня, але гэта нішавыя рэчы. У сваёй сукупнасьці яны не штурхаюць час. А калі час спыніўся, спыняецца і гісторыя. І біяграфіі нашых сучасьнікаў не становяцца гісторыяй.

Нешта робіцца, але нічога не адбываецца.

* * *

Нядаўна я злавіў сябе на думцы, што тэксты, якія пісаліся 10-15 гадоў таму, зноў сталі актуальнымі. Іх можна браць і, нічога не мяняючы, публікаваць як сёньняшні блог. Бо ўсё, што тады балела, яно і цяпер баліць, тагачасныя праблемы засталіся, тагачасныя пытаньні працягваюць стаяць і сёньня. Нашто пісаць гэта ўсё зноў? Проста бяры колішнія выданьні і рабі ратацыю тэкстаў. У нейкім сэнсе яно так і робіцца. Новае пакаленьне робіць тыя «адкрыцьці», якія ўжо былі зробленыя папярэднікамі. Усё спынілася.

Мне зноў успомніліся часы канца 1970-х – пачатку 1980-х, бум рэпрынтных выданьняў. Дзьве траціны беларускай літаратуры (у шырокім сэнсе, ня толькі мастацкай) былі забароненыя. Найперш гэта былі тэксты нашаніўскія, заходнебеларускія, эмігранцкія і часоў беларусізацыі 1920-х гадоў. Мы ўсе тады начамі праседжвалі ў ванных пакоях у чырвоным сьвятле і друкавалі фотаспосабам усё, што ўдавалася з гэтага забароненага здабыць. Друкавалі і перадавалі стужкі іншым. Так паўставала цэлая тагачасная зьява – рэпрынтная літаратура.

Яна рабілася ўсімі даступнымі спосабамі, у тым ліку перапісвалася ад рукі. Такім чынам, напрыклад, пашыралася «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага.

Чаму мы ўсё гэта рабілі? Таму што гэта ўспрымалася як нешта цалкам сучаснае. Што балела тады, балела і цяпер, колішнія праблемы нікуды ня зьніклі. На нашы пытаньні зразумелыя адказы даваліся там. Рэпрынтная літаратура была для нас нашмат больш «сёньняшняй газэтай», чым тое, што было сёньняшняй газэтай у рэальнасьці.

Тым часам Майстроўня ня толькі сьпявала. Кожнае паседжаньне, апроч сьпеваў, складалася зь лекцыяў пра літаратуру, гісторыю, эканоміку і нават палітыку. Лекцыі паступова ператвараліся ў тэксты. Гэтак мы пачыналі перарастаць рэпрынтную літаратуру, якая, у сваю чаргу, страчвала сваю вастрыню і рабілася тым, чым і мусіла быць – сьведчаньнем свайго часу.

Пазьней, у часы перастройкі сталі даступныя іншыя тэхналёгіі, і брашуры кшталту «Што трэба ведаць кожнаму беларусу» друкаваліся шматтысячнымі накладамі.

Напачатку 1990-х гадоў рэпрынтная літаратура навадніла ўсё і ўся. На ўсіх масавых імпрэзах стаялі даўжэзныя сталы, закладзеныя рэпрынтнымі выданьнямі. І гэта пачынала нават крыху раздражняць, бо рэпрынты ўжо не ўспрымаліся як «сёньняшняя газэта». Зьявіліся рэальныя сёньняшнія.

Газэта «Свабода» колішняга майстроўца Ігара Герменчука ў сярэдзіне 1990-х разыходзілася накладам пад сто тысяч асобнікаў. Яна друкавалася клясычным правапісам, чытачы літаральна палявалі на сьвежы нумар.

Пасьля зьнікла «Свабода», зьніклі і масавыя наклады...

Цяпер ніхто не палюе на газэты. Бо яны пішуць тое, што ўжо было напісанае калісьці і тэксты 10-15 гадовае даўніны цалкам могуць сысьці за сёньняшні блог. А гэта значыць, што час спыніўся, што грамадзкая атмасфэра ў Беларусі спаўзла кудысьці ў 1970-я гады, што мы зноў будзем шукаць актуальнае інфармацыі ў «Мужыцкай праўдзе» Каліноўскага, а гісторыя Майстроўні для нас – не мінуўшчына, а – будучыня.

P.S. Я ня ведаю, калі зноў зрушаць зь месца стрэлкі гадзіньніка. Я толькі канстатую, што сёньня яны спыніліся. Магчыма, гэта будзе як у Майстроўні, калі 20-гадовыя творцы зьбяруцца рабіць справу разам. Адно ведаю дакладна: час немагчыма запусьціць у сфэры палітыкі, бо палітыка абмежаваная сваім часам – ці то спыненым, ці то зрушаным. А зрушваецца час у сфэры нефармальнай культуры, тады, калі яна становіцца масавай зьявай.


*Публічная лекцыя, прамоўленая ў Менску 5 кастрычніка 2012 году.

Лекцыя Сяргея Дубаўца «Жыцьцё ў спыненым часе»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:17 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG