Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Сяржук Цімохаў


Сяргей Цімохаў
Сяргей Цімохаў

9 кастрычніка ня стала Сержука Цімохава. Выбітны жывапісец, графік, дызайнэр, аўтар дзясяткаў рэспубліканскіх і міжнародных выставаў, уладальнік некалькіх міжнародных узнагародаў, намесьнік старшыні Саюзу мастакоў Беларусі пакінуў гэты сьвет пасьля цяжкай хваробы на 53-м годзе жыцьця.

Ён нарадзіўся 8 верасьня 1960 году на Гомельшчыне ў вялікай сялянскай сям’і. Адмалку маляваць яму хацелася значна больш, чым займацца звычайнымі вясковымі справамі, і таму пасьля васьмігодкі ён заявіў бацькам, што хоча вучыцца на мастака. І паступіў у Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава. Тыя гады зьвязалі яго на ўсё жыцьцё сяброўствам з кніжным графікам Генадзем Мацурам.

Генадзь Мацур
Генадзь Мацур
«Мы проста з захапленьнем рабілі нейкія свае творчыя працы. Рыхтавалі і рыхтаваліся да такіх падзей, як выстава, прысьвечаная Міколу Гусоўскаму, калі пачалі рабіць ужо выставы, прысьвечаныя нашым знакамітым асобам. Разам рабілі працы да юбілею Івана Луцкевіча. Сяргей тады якраз праходзіў тэхніку энкаўстыкі, і ён зрабіў партрэт Івана Луцкевіча ў гэтай тэхніцы. Усё гэта было бязь нейкага патасу, але шчыра і лёгка. І гэта нашы першыя крокі былі, яго першыя крокі ў выставачнай дзейнасьці. Вось з гэтага і пачыналі».

Пасьля вучэльні была катэдра манумэнтальнага мастацтва Тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Беларуская акадэмія мастацтва), дзе Сержуку Цімохаву пашчасьціла трапіць на курс выбітнага творцы Гаўрылы Вашчанкі. Боль страты і гонар за вучня перапаўняюць душу народнага мастака сёньня.

Гаўрыла Вашчанка
Гаўрыла Вашчанка
«Гэта быў адзін з сур’ёзных і амаль адзін з такіх прыхільнікаў беларускай тэмы. Ён і размаўляў па-беларуску. Акрамя таго, што добра выконваў акадэмічныя заданьні, ён вельмі многа працаваў самастойна, і тыя працы яго вылучаліся своеасаблівай цікавай думкай і прынцыповым поглядам. Гэта вельмі вялікая страта для выяўленчага мастацтва Беларусі. Я вельмі шкадую, таму што гэта адзін з найталенавіцейшых маіх вучняў, які так заўчасна памёр».

Атрымаўшы бліскучую акадэмічную адукацыю ды адслужыўшы ў войску, Сяржук Цімохаў зь сям’ёй прыехаў у самы старажытны горад Беларусі ўвасабляць свае мары і ідэі. Стварыў там першую ў Беларусі прыватную галерэю «Рыса», а неўзабаве маладога творцу прызначылі галоўным мастаком Полацку. Прыгадвае паэт Алесь Аркуш:

Алесь Аркуш
Алесь Аркуш
«Калі Сяргей зьявіўся ў Полацку, то проста ажыло мастацкае і культурніцкае жыцьцё ў горадзе. Ён проста гарэў рознымі ідэямі, рознымі плянамі. Ён стварыў галерэю „Рыса“, у якой выставіцца лічылі за гонар найвыбітнейшыя мастакі Беларусі. Ён рупіўся пра аздабленьне самога Полацку. Ягоныя карціны зьявіліся ў гімназіі, аздаблялі іншыя інтэр’еры, у горадзе зьявіліся ягоныя вітражы. Практычна ўсё жыцьцё выяўленчага мастацтва круцілася вакол Цімохава. Ён неяк знаходзіў агульную мову зь людзьмі нават зусім далёкімі ад мастацтва. Яны верылі яму. І ён паўсюль размаўляў па-беларуску. Быў проста ўзорам беларускага нацыянальнага дзеяча».

У Менск у 1998-м Сяржук Цімохаў пераехаў ужо прызнаным ня толькі ў Беларусі творцам, талент якога імкліва расквітаў ад выставы да выставы. Ягоныя творы набывалі музэі і прыватныя калекцыянэры Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Грэцыі, Сэрбіі, Расеі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, ЗША, іншых краін сьвету. Гаворыць мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:

Сяргей Хароўскі
Сяргей Хароўскі
«Сяржук Цімохаў увойдзе ў гісторыю нашага мастацтва як творца-экспэрымэнтатар. Ягоныя так званыя язычніцкія стоды, якія ён зрабіў, гадамі распрацоўваючы вось такі вобраз Беларусі, які цяжка намацаць, але які можна толькі вычуць, — гэта, канечне, яркая і вельмі яскравая старонка гісторыі нашага мастацтва. Разам з тым, паралельна, мяне асабіста ён заўсёды дзівіў як мастак-лірык, аўтар такіх далікатных, тонкіх „ню“, зусім нечаканых для ягонага такога імпэтнага паганскага жывапісу, такога нэаязычніцтва. І, канечне, яго маштаб як мастака, яго ролю ў нашым мастацтве мы будзем яшчэ доўга пераасэнсоўваць і пераасэнсоўваць. Я думаю, гэта калясальная страта для нашага мастацтва, бо ён сышоў з жыцьця ў самым росквіце сваіх творчых сілаў».

Разьвітаньне зь Сержуком Цімохавым адбудзецца 10 кастрычніка апоўдні ў сядзібе Саюзу мастакоў Беларусі (вул. Якуба Коласа, 29А). Хаваць будуць на Паўночных могілках Менску.

У Сяржука Цімохава засталіся жонка Рыта, дачка Вальжына і сын Глеб. Усе трое мастакі.


Сяржук Цімохаў: перамены для мастака
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:08 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG