Найлепшыя эўрапейскія вучоныя-гуманітарыі на замову ПАРЭ паспрабавалі вызначыць дэфініцыю тэрміну «палітычны зьняволены», якая б была агульнай, усеабдымнай, неаспрэчнай ды цалкам выключала б ўсе спробы маніпуляцый — як з боку «праблемных дзяржаваў», якія жадаюць падаць відавочных вязьняў сумленьня звычайнымі крымінальнікамі, так і з боку палітычных авантурыстаў, якія спрабуюць выдаць сябе за пацярпелых за дэмакратыю.
Вынікі, ухваленыя Камітэтам міністраў, былі прэзэнтаваныя дэпутатам Крыстафам Штрэсэрам.
Наколькі ўдала эўрапейскія тэарэтыкі здолелі асэнсаваць праблему? Наколькі дэфініцыя пасуе да беларускай рэчаіснасьці?
Навукоўцы выпрацавалі крытэры, згодна зь якімі той ці іншы вязень можа прызнавацца палітычным.
Першае: «палітычным зьняволеным трэба лічыць асобу, якая пазбаўленая асабістай свабоды, калі пазбаўленьне свабоды было ўжытае ў парушэньне аднаго з асноўных правоў, гарантаваных Эўрапейскай канвэнцыяй па правах чалавека і пратаколамі да яе, у прыватнасьці — свабоды думкі, сумленьня ды рэлігіі; свабоды выказваньня ды інфармацыі, а таксама свабоды сходаў і аб’яднаньняў».
У гэтым пункце эўрапейскія тэарэтыкі хацелі падкрэсьліць, што чалавека нельга перасьледваць за погляды, думкі і г. д. Аднак відавочна, што гэты (асноўны) пункт эўрапейскай дэфініцыі не працуе. Бо, згодна зь ім, не зьяўляецца палітвязьням, напрыклад, Зьміцер Дашкевіч. Які асуджаны (на першы тэрмін) за бойку і (на другі тэрмін) — за невыкананьне патрабаваньняў адміністрацыі. Не зьяўляўся палітвязьням Сяргей Каваленка, бо ягонае абвінавачаньне (парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня) ніяк не зьвязанае з Эўрапейскай канвэнцыяй па правах чалавека. Ды што там!
Каго зь існых вязьняў не вазьмі — нікога немагчыма назваць адпаведным эўрапейскай дэфініцыі «палітычных»! Нават найбольш відавочныя кейсы, якія тычацца справы 19 сьнежня 2010 года, маюць у прысудзе словы аб «масавых беспарадках», права на арганізацыю якіх у Эўрапейскай канвэнцыі не згаданае.
Эўрапейцы ў чарговы раз не ўлічылі, што ніводны рэжым, дзеяньні якога яны хацелі зьвязаць уласнай дэфініцыяй, ніколі не прызнае ўласных ворагаў палітычна пацярпелымі.
Зь недакладнасьцю ды недахопамі асноўнага азначэньня спрабуюць зладзіць тры дадаткі.
Даклад Штрэсера ўдакладняе: «палітзьняволеным зьяўляецца асоба, якая пазбаўлена асабістай свабоды ва ўмовах, калі пазбаўленьне свабоды было ўжытае па відавочна палітычным прычынам, бяз сувязі з нейкім правапарушэньнем». Аднак у гісторыі існаваньня беларускай дзяржавы ды яе судовага апарату не было выпадкаў, каб пазбаўленьне свабоды было відавочна палітычным ды «не зьвязаным з правапарушэньнямі».
Нават самыя гучныя ды дзіўныя выпадкі — напрыклад, справа прафэсара Аляксея Пікуліка, асуджанага некалькі месяцаў назад на 5 сутак, мела пад сабой фармальную аснову: «брудную лаянку ў публічным месцы», факт якой быў «цалкам даказаны» ў судзе. Зразумела, што такім чынам эўрапейскія навукоўцы хацелі паставіць па-за законам выпадкі беспадстаўных рэпрэсіяў, але, выглядае, небаракі проста ня ўцямілі, як гэтыя беспадстаўныя рэпрэсіі могуць выглядаць. Сытуацыя ў праблемных краінах падавалася ім нечым кшталту галівудзкага фільму, напрыклад, Hunger Games.
У імкненьні прадугледзець ды выключыць усе падкопы ды хітрыкі аўтарытарных дзяржаў, яны ўдакладнілі: «палітвязьнямі зьяўляюцца асобы, працягласьць зьняволеньня якіх і ўмовы ўтрыманьня зьяўляюцца відавочна несувымернымі з правапарушэньнем, у якім асоба абвінавачаная ці падазраецца».
Аднак, зноўку, ніколі за час існаваньня беларускага рэжыму не было выпадку, каб «палітычныя» атрымлівалі тэрмін большы за той, што прадугледжаны артыкулам, па якім яны абвінавачаныя. Усё заўсёды ў межах Крымінальнага кодэксу. А тое, як гэты Крымінальны кодэкс інтэрпрэтуецца — нікім са слаўных эўрапейскіх гуманітарыяў пакуль не асэнсавана ды ў дэфініцыях не прапісана.
Апошняя лінгвістычная спроба ўхапіць сутнасьць зьявы ды занатаваць яе ў словах — наступнае ўдакладненьне: «палітвязьнем зьяўляецца асоба, якая была пазбаўлена свабоды на дыскрымінацыйнай ў параўнаньні зь іншымі асобамі аснове».
Аднак, пачуўшы пра такое, супрацоўнік беларускага дзяржаўнага апарату толькі шырока пасьміхнецца: ніякай дыскрымінацыі! Усе роўныя перад законам! Калі вы ведаеце аб выпадках дыскрымінацыі з-за таго, што нехта займаецца ў Беларусі палітыкай — падайце сыгнал! Будзем разьбірацца!
Такім чынам, спроба вычарпальнага азначэньня тэрміну «палітвязень» правалілася. Уважліва прачытаўшы ўсе прапанаваныя Эўразьвязам пункты, любы беларускі дыплямат скажа: у Беларусі насамрэч няма палітзьняволеных, статус ці прысуд якіх адпавядаў бы дэфініцыі, прапанаванай ПАРЭ. У нас ёсьць выключна крымінальнікі, пакараныя за злачынствы, прадугледжаныя нацыянальным заканадаўствам. Дашкевіч, Статкевіч, ды іншыя не пакараныя ў парушэньне аднаго з асноўных правоў, гарантаваных Эўрапейскай канвэнцыяй. А тое, што Бяляцкі займаўся праваабарончай дзейнасьцю — дык, а чаго пра гэта ні слова няма ў вашых вызначальных дакумэнтах?
На мой погляд, лепей бы дурнаватай спробы эўрапейскіх гуманітарыяў даць дэфініцыю тэрміну «палітвязень» не было. Таму, што чым апісваць часткова, лепей наогул нічога не казаць.
Хацелася б паведаміць эўрапейскім калегам пра адну таямніцу. Справа ў тым, што 58-га артыкулу болей няма. Ні ў адной з тых краінаў, правы ў якіх яны спрабуюць абараняць. Няма ні адказнасьці за «контррэвалюцыйную дзейнасьць» (58\1), ні за «зносіны з замежнымі дзяржавамі» (58\3), ні за «падбухторваньне насельніцтва да хваляваньняў» (58\7). Перад тым, як фармуляваць вызначэньні, шаноўным эўрапейцам варта было б прааналізаваць тое, як і па якіх падставах палітычныя актывісты трапляюць за краты.
Але перад тым, як прапанаваць экспэртам ПАРЭ яшчэ раз падумаць і перапісаць дэфініцыю, я б зьвярнуў увагу на наступнае: здаецца, вычарпальнае і ўсеагульнае апісаньне тэрміна «палітвязень» у прынцыпе немагчыма. Бо аўтарытарызм гэта ў першую чаргу права на нічым не абмежаваную інтэрпрэтацыю закона.
І калі нават артыкул «за лаянку ў публічным месцы» (г. з. хуліганства) будзе выключаны з адміністратыўнага кодэкса, пачнуць саджаць за бруднае адзеньне, неахайны выгляд, занадта блакітныя вочы ці за тое, што выйшаў з дому без шапкі.