Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Слухай і маўчы»: Генадзь Асташонак


Генадзь Асташонак, фота Эўрарадыё
Генадзь Асташонак, фота Эўрарадыё

Памёр мастак, сябра суполкі «Пагоня» Генадзь Асташонак. Яму было 57 гадоў, прычына сьмерці – рак. Яго пахавалі сёньня на могілках у вёсцы Шыпяны Смалявіцкага раёна.

Творы Генадзя Асташонка ўпрыгожваюць многія музэі і прыватныя калекцыі. У Мірскім замку зброя Генадзя Асташонка займае асобную вітрыну. Таксама ў Менскай ратушы знаходзіцца пано, прысьвечанае гісторыі Менску. Генадзь Асташонак памёр у ноч з 21 на 22 верасьня, распавёў Юры Гудзіновіч, які працаваў разам зь ім у творчай майстэрні «Коўня».

Гудзіновіч:
Мабыць, за месяц згарэў. Ну, і працаваў многа, нават без выходных. Месяц таму яму стала кепска, і ён пайшоў у паліклініку. Калі яго накіравалі ў анкалёгію, там паглядзелі, што апэрацыю рабіць немагчыма. У яго рак падстраўнікавай залозы. Такая вось справа. Мы вучыліся зь ім на адным курсе ў Тэатральна-мастацкім інстытуце і працавалі потым разам у адной брыгадзе на мастацкім камбінаце з 1979 году да апошніх дзён, як кажуць.

Мастак Рыгор Сітніца згадвае, што гэта быў унікальны чалавек, другога з такімі творчымі мажлівасьцямі больш няма. Сітніца называе Асташонка адным з найлепшых людзей, якіх ён ведаў у сваім жыцьці.

Рыгор Сітніца
Рыгор Сітніца
Сітніца: Чалавек абсалютна сумленны, адданы. Настолькі далікатны, сымпатычны, інтэлігентны. Ціха, але спакойна ўсюды сьцьвярджаў нашу ідэю Беларушчыны, нашых нацыянальных каштоўнасьцяў. Гэта сапраўды неверагодная страта для нас. Ён зрабіў шмат нашых сярэднявечных рэканструкцый, вайсковага рыштунку, зброі, і беларускай і наагул эўрапейскай. І гэтаму не было аналягаў. Да таго ж ён зрабіў для Курапатаў звон, на якім быў надпіс «Слухай і маўчы». Гэта звон смутку, звон памяці па нашых бязьвінна забітых людзях. Вось гэты твор я вельмі прыгадваю, бо ён кансультаваўся і з Рыгорам Барадуліным, што менавіта можна напісаць на гэтым звоне. Гэты твор мне вельмі памятны, тым больш, што дастасоўны да такога абсалютна знакавага і сьвятога месца для беларусаў – Курапатаў.

Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня творчай суполкі «Пагоня» мастак Аляксей Марачкін кажа, што нядаўна сустракаўся з Генадзем Асташонкам у яго майстэрні. Ён займаўся коўкай, вельмі філіграннай справай, вырабляў мэдалі. Ня толькі рэстаўраваў, але і рабіў новыя творы на аснове глыбокага вывучэньня беларускай зброі, рыцарскіх мячоў і дасьпехаў.

Аляксей Марачкін
Аляксей Марачкін
Марачкін: Ён адзін з тых, хто разам з Гудзіновічам распачаў гэта ў Беларусі і працягваў да самых апошніх дзён. Гэта страта вялікая, бо яго творы былі на шматлікіх выставах. І яны ўвайшлі ўжо ў гісторыю нашага выяўленчага мастацтва. Ніводная выстава суполкі «Пагоня» не праходзіла без удзелу Генадзя. Ён быў у вельмі блізкіх, сяброўскіх адносінах з Рыгорам Барадуліным. Хоць ён быў малодшы і за мяне, і за Рыгора Барадуліна. Ніколі не забуду, як яны гэтыя рыцарскія дасьпехі апранулі на дзядзьку Рыгора, ён стаяў зь мечам, зь дзідай, гэта было настолькі незвычайна. І дзядзьку Рыгора цягнула да гэтых хлапцоў, бо яны глыбока вывучалі нашы карані, нашу гісторыю, а перадусім эпоху беларускага рыцарства. Так што сьветлая памяць яму.

Рыгора Барадулін
Рыгора Барадулін
Паэт Рыгор Барадулін так сказаў пра Генадзя Асташонка:

Гэта быў самы сьветлы і таленавіты чалавек. Быў вялікі майстар, яго творы проста захапляюць. Гэта вялікая страта беларускага мастацтва.





Творы Генадзя Асташонка


Мэдаль "Францыск Скарына"
Мэдаль "Францыск Скарына"
Мэдаль "Мікола Гусоўскі"
Мэдаль "Мікола Гусоўскі"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG