Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдату ў дэпутаты не хапіла газэт зь ягонай перадвыбарчай праграмай


Дэфіцытны нумар газэты «Магілёўскія ведамасьці» зь перадвыбарчымі праграмамі апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты
Дэфіцытны нумар газэты «Магілёўскія ведамасьці» зь перадвыбарчымі праграмамі апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты
6 верасьня ў магілёўскіх шапіках «Белсаюздруку» ня ўсе ахвочыя маглі купіць абласную газэту «Магілёўскія ведамасці». Кіяскёры заяўлялі, што сёньняшні нумар увесь раскупілі. Раней праблемаў з набыцьцём газэты ў чацьвер не было. У газэце пазначана, што тыраж нумару 10855 экзэмпляраў.

Адным зь першых выявіў нястачу ў продажы газэты кандыдат у дэпутаты ад партыі БНФ Віталь Макаранка. У сёньняшнім нумары «Магілёўскіх ведамасьцей» мелася быць апублікаваная яго перадвыбарчая праграма.

Віталь Макаранка: «Я абышоў увесь цэнтар гораду і ў бальшыні шапікаў казалі, што газэты няма. Кіяскёры казалі, што ім далі па два, тры экзэмпляры. Мне падаецца, што так зроблена ўмысьля, каб шырокая грамадзкасьць не знаёмілася з праграмамі кандыдатаў ад дэмакратычных арганізацый. Большыня тых, чые праграмы апублікавалі ў сёньняшнім нумары, — дэмакратычныя вылучэнцы. Выступы па тэлебачаньні і радыё паслухаў і забыўся, а газэта ж захоўваецца доўга».

Акрамя праграмы Віталя Макаранкі, у сёньняшніх «Магілёўскіх ведамасьцях» выйшлі праграмы старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава, ягонага аднапартыйца Мікалая Расюка, вылучэнца ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Леаніда Падбярэцкага і Ўладзімера Пунчанкі, якога падтрымлівае рух «За свабоду».

У рэдакцыі запэўнілі, што праблемаў зь сёньняшнім нумарам не было. Заўвагу пра тое, што ў шапіках недастаткова газэт, патлумачылі тым, што большая частка накладу ідзе па падпісцы, а ў кіёскі паступае ня шмат. А наагул, паведаміў супрацоўнік, рэдакцыя не займаецца продажам газэт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG