Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька, Крыжаноўскі і Шылава сустрэліся на дэбатах


«Створаная ў Беларусі сыстэма — гэта тупік эканамічны, фінансавы, маральны», — заявіў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, выступаючы вечарам 4 верасьня ў тэледэбатах на канале «Беларусь 2» у якасьці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Уладзімера Раманоўскага, які балатуецца па Паўднёва -Заходняй выбарчай акрузе № 99 Менска.

Апанэнтамі Лябедзька былі дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сьвятлана Шылава і намесьнік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Яўген Крыжаноўскі, кіраўнік менскага тэатру «Хрыстафор».

На думку Лябедзькі, «самая вялікая праблема — гэта адсутнасьць свабодных і сумленных выбараў». «Няма сумленных выбараў — няма эканамічных посьпехаў, няма судовай незалежнай сыстэмы. Няма сумленных выбараў — затое ёсьць палітвязьні», — заявіў ён.

Лябедзька лічыць, што «ня трэба праводзіць ілжевыбары ў псэўдапарлямэнт». Па словах Лябедзькі, на сёньня 20 кандыдатаў у дэпутаты ад АГП не былі дапушчаныя ў эфір на радыё і тэлебачаньне.

«У прыстойных цывілізаваных краінах гэта называецца палітычная цэнзура, калі зарэгістраваным кандыдатам у дэпутаты не даюць магчымасьць зьвярнуцца да сваіх выбарцаў», — заявіў ён. Пры гэтым палітык падкрэсьліў, што ня будзе «ні да чаго заклікаць» выбарцаў, і зьвярнуўся да іх з просьбай «зрабіць выбар самастойна».

Падчас свайго выступу на тэлебачаньні Лябедзька таксама скрытыкаваў сацыяльную і эканамічную палітыку дзейнай улады. «Пра якія посьпехі мы гаворым, калі на кожную душу насельніцтва ў Беларусі штогод прыходзіцца 17 літраў чыстага алькаголю, пры тым што дэградацыя нацыі пачынаецца ўжо пасьля 8 літраў. Мы ўдвая перавышаем гэтую норму, — заявіў ён. — Пра якія посьпехі мы можам казаць, калі сёньня мільён грамадзян нашай краіны — гастарбайтэры ў Расеі, а па дадзеных Сусьветнага банка, яшчэ 500 тыс. — гэта „лішнія“ людзі. Якую ж трэба было стварыць сыстэму, каб паўтара мільёна працаздольнага насельніцтва былі не патрэбныя сваёй краіне. Пытаньне, напэўна, да тых, якія намі кіруюць », — цытуе Лябедзьку БелаПАН.

Крыжаноўскі задаў Шылавай пытаньне: «Ці вы паважаеце Ярмошыну Лідзію Міхайлаўну? Гэта ж яна сказала: «Жанчыны, не займайцеся палітыкай, варыце баршчы!»

«Лідзія Міхайлаўна мае права на такія заўвагі... я паважаю яе», — цытуе адказ Шылавай Эўрарадыё.






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG