Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ папярэдзіў старшыню бабруйскай АГП


Віктар Бузінаеў
Віктар Бузінаеў
Старшыню Бабруйскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктара Бузінаева ў КДБ папярэдзілі пра крымінальную адказнасьць за ўдзел у масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах. З партыйцам правялі прафіляктычную гутарку.

У Бабруйскі КДБ Віктара Бузінаева выклікалі позвай, у якой было пазначана «для правядзеньня апытаньня ў адпаведнасьці з артыкуламі 9 і 11 закону „Аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці“».

Бузінаеў: «Мне заявілі ў КДБ, што калі раней мяне судзілі паводле адміністрацыйнага кодэксу, то цяпер у выпадку майго затрыманьня будуць судзіць паводле крымінальнага. „І перад тым, як у нечым удзельнічаць, я мушу добра падумаць“, парадзіў супрацоўнік КДБ. Я так зразумеў, што нагодай для выкліку ў КДБ стала тое, што мы зьбіраемся ўдзельнічаць у выбарах у фармаце Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У гутарцы некалькі разоў прагучала, што калі вы будзеце выходзіць пад лёзунгам „За чэсныя выбары без Лукашэнкі“ ды крытыкаваць выбарчую кампанію, гэта будзе выглядаць як дыскрэдытацыя дзяржавы й прэзыдэнта, і за гэта будзе асобная адказнасьць».

Паводле Віктара Бузінаева, гутарку ў КДБ запісвалі на відэа. Дазволу на гэта ў яго ніхто ня браў. Як сьцьвярджае актывіст, на ягоны пратэст з нагоды відэаздымак супрацоўнік КДБ адказаў, што ў іх так заведзена.

У сёлетняй выбарчай кампаніі Віктар Бузінаеў зьбіраецца ўдзельнічаць даверанай асобай вылучаных партыяй кандыдатаў на дэпутацтва — гэтак званых сьпікераў.

Выклік у КДБ Віктара Бузінаева стаў другім вядомым выпадкам, калі з удзельнікамі выбарчай кампаніі гутараць камітэтчыкі. Днямі ў Магілёве на кватэру зьбіральніка подпісаў у падтрымку незалежных вылучэнцаў на дэпутацтва студэнта Ўладзімера Ярашова прыходзіў супрацоўнік КДБ. Паводле хлопца, камітэтчыка цікавіла, як арганізаваная праца ў камандах патэнцыйных кандыдатаў на дэпутацтва і хто іх фінансуе. Як сьцьвярджае Ярашоў, на наступны дзень пасьля гутаркі з камітэтчыкам яго спрабавалі выклікаць у само ўпраўленьне КДБ тэлефанаваньнем, але ён адмовіўся — запатрабаваў, каб выклікалі позвай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG