Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Studio Total: Беларускія ўлады ў паніцы


Прэсавы сакратар піяр-агенцтва Studio Total Сігрыд Даль даслала нашаму карэспандэнту Рыкарду Юзьвяку ліст у сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі, зьвязанымі з «плюшавым дэсантам».

У лісьце гаворыцца:

За апошнія некалькі дзён беларускі КДБ дапытаў і затрымаў людзей, якія паведамлялі пра шырока асьветленую ў сьвеце «плюшавую» акцыю, якую Studio Total правяла ў Беларусі. Няма нічога дзіўнага ў тым, што такое здарылася ў краіне, дзе журналісты рэгулярна зазнаюць цкаваньне, але мы хацелі б прыцягнуць вашу ўвагу да надзвычайнай няпэўнасьці і неабгрунтаванасьці выстаўленых цяпер абвінавачаньняў.

Відавочна, што сілы абароны Беларусі (і асабліва прэзыдэнт А.Лукашэнка, які нядаўна асабіста гарантаваў бясьпеку беларускіх межаў) цяпер у роспачы і дзейнічаюць пад уплывам поўнай панікі. Сёньня раніцай мы апублікавалі заяву праз арганізацыю «Рэпартэры бязь межаў», але хочам выразна падкрэсьліць:

Studio Total ня мела ніякіх кантактаў з Антонам Сурапіным або нейкім іншым грамадзянінам Беларусі адносна нашай акцыі да выкананьня нашых плянаў. Уся кампанія трымалася ў поўным сакрэце, у тым ліку ў Швэцыі. Ня мелі мы ніякіх кантактаў з кім бы то ні было ў Беларусі і пасьля акцыі, апрача адказаў на пытаньні СМІ (у тым ліку дзяржаўных). Усе здымкі акцыі на тэрыторыі Беларусі вяліся супрацоўнікамі Studio Total, якія ў той час там знаходзіліся.

Што да падозраньняў, выказаных у беларускіх дзяржаўных СМІ наконт таго, што мы атрымалі грошы ад «заходніх выведных арганізацыяў», то мы можам толькі сказаць, што для ўсiх, хто нас ведае, такія абвінавачаньні падаюцца сьмешнымі. Але падкрэсьлім выразна яшчэ раз:

Уся кампанія каштавала крыху болей за 100 000 эўра. Яе фінансавала выключна Studio Total, і мы цалкам гатовыя пацьвердзіць гэта і паказаць нашы дакумэнты фінансавай справаздачнасьці, калі гэта будзе цікавіць КДБ. (Праўда, мусім папярэдзіць, што ў чэках з бараў можа быць непарадак...)

Урэшце, мы хацелі б падзякаваць яшчэ раз тым беларусам, якія змагаюцца за свабоду слова. Кожная ваша перамога – гэта перамога для ўсяго сьвету. Ваша адвага і пачуцьцё гумару даюць нам натхненьне.

Прадстаўнікі Studio Total напісалі таксама адкрыты ліст, адрасаваны асабіста Аляксандру Лукашэнку: Кромвэл Лукашэнку: «Вазьмі сябе ў рукі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG