Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная Амністыя выступіла ў абарону Дашкевіча


Беларускаму вязьню сумленьня Зьмітру Дашкевічу пагражае падаўжэньне тэрміну зьняволеньня на адзін год за парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня. Большую частку свайго зьняволеньня ён правёў у штрафным ізалятары – адзначаецца ў адмысловай заяве праваабарончай арганізацыі Міжнародная Амністыя.

Далей ў дакумэнце гаворыцца:

Лідэр маладзёвага апазыцыйнага руху «Малады фронт» Зьміцер Дашкевіч адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі ў паўночна-заходнім горадзе Глыбокае, куды ён быў пераведзены 27 верасьня 2011 году. На гэты тыдні Міжнародная Амністыя даведалася, што адміністрацыя калёніі накіравала ягоную справу ў Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Сьледчы камітэт цяпер мусіць вырашыць, ці існуюць дастатковыя доказы, каб распачаць новую крымінальную справу супраць Зьмітра Дашкевіча паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Зьміцер Дашкевіч, у сваю чаргу, адправіў кіраўніку калёніі ліст, у якім заявіў, што ён сьвядома адмаўляецца выконваць пэўныя патрабаваньні адміністрацыі калёніі, бо лічыць іх незаконнымі.

24 сакавіка 2011 году Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на два гады зьняволеньня паводле артыкулу 339 (хуліганства) з абвінавачаньнем ва ўжываньні гвалту напярэдадні выбараў, 18 сьнежня 2010 году. Міжнародная Амністыя лічыць, што абвінавачаньні супраць яго зьяўляюцца неабгрунтаванымі, і што яны былі сфабрыкаваныя з мэтай перашкодзіць яму ўзяць удзел у дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 году. З часу вынясеньня прысуду ў сакавіку 2011 году Зьмітра Дашкевіча восем разоў зьмяшчалі ў штрафны ізалятар, у выніку чаго ён правёў большую частку свайго зьняволеньня ў карцэры. У такіх камэрах надзвычай жорсткія ўмовы ўтрыманьня: вязьням не выдаецца бялізна, узімку тэмпэратура часам падае да 15 градусаў, і ім не дазволеныя перапіска і спатканьні. У верасьні Зьмітру Дашкевічу прапанавалі зьвярнуцца да прэзыдэнта з прашэньнем аб памілаваньні, пры ўмове прызнаньня сваёй віны; аднак ён адмовіўся ад гэтай прапановы. Зьміцер Дашкевіч лічыцца «злосным парушальнікам» турэмнага рэжыму і яму забароненыя спатканьні зь сям’ёй. Падобна на тое, што няспынны перасьлед Зьмітра Дашкевіча ў сувязі з парушэньнямі рэжыму накіраваны на ўжываньне псыхалягічнага і фізычнага ціску на яго.

Калі ласка, неадкладна зьвяртайцеся зь лістамі па-беларуску, па-расейску або на Вашай роднай мове з мэтай:

– нагадаць уладам Беларусі, што Зьміцер Дашкевіч зьяўляецца вязьнем сумленьня, які знаходзіцца ў зьняволеньні выключна ў сувязі зь мірным выказваньнем сваіх правоў, і што ён мусіць быць неадкладна і безумоўна вызвалены;

– нагадаць уладам Беларусі, што яны зьвязаныя абавязкамі абараняць фізычную і псыхічную недатыкальнасьць зьняволеных;

– заклікаць улады Беларусі спыніць перасьлед Зьмітра Дашкевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG