Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя санкцыяў ЗША і Эўразьвязу супраць афіцыйнага Менску


ЗША і Эўразьвяз скаардынавана ўводзяць санкцыі супраць уладаў Беларусі з адным патрабаваньнем — вызваліць палітвязьняў, спыніць уціск апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, правесьці свабодныя выбары.

Першыя санкцыі Злучаных Штатаў і Эўрапейскага Зьвязу былі ўведзеныя ў 1998 годзе, пасьля скандалу з высяленьнем замежных амбасадараў зь іхніх рэзыдэнцыяў у «Драздах».

У адказ на дзеяньні беларускіх уладаў краіны Заходняй Эўропы і ЗША склалі сьпіс са 130 беларускіх чыноўнікаў (у тым ліку і Лукашэнкі), забараніўшы ім уезд на сваю тэрыторыю.

У 2004 годзе ЗША і Эўразьвяз увялі візавыя санкцыі супраць асобаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага.

Тады ў сьпіс трапілі чатыры прадстаўнікі сілавых структур: Уладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў і Дзмітрый Паўлічэнка.

У сьнежні 2004 году, пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, сьпіс папоўнілі кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палку міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Юрый Падабед.

У красавіку 2006 году сьпіс Эўразьвязу і ЗША быў пашыраны да 37 чалавек. У яго трапіў і Аляксандар Лукашэнка, адказны за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

Да канца году «чорны сьпіс» вырас да 41 чалавека за кошт судзьдзяў і пракурораў, якія судзілі Аляксандра Казуліна.

У канцы 2008 году, пасьля пачатку лібэралізацыі і вызваленьня палітвязьняў у Беларусі, Эўразьвяз і ЗША ўпершыню прыпынілі на паўгода дзеяньне санкцыяў адносна 36 чыноўнікаў. Пазьней санкцыі да 2011 году рэгулярна аднаўляліся і адразу ж замарожваліся. Дзеяньне санкцыяў супраць Уладзімера Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзьмітрыя Паўлічэнкі не прыпынялася ніколі.

Эканамічныя санкцыі ЗША ўпершыню ўвялі ў чэрвені 2006 году супраць двух прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім». У красавіку 2008 году гэтыя санкцыі былі распаўсюджаныя на ўсе прадпрыемствы, што ўваходзяць у ягоны склад. За два наступныя гады таваразварот паміж Беларусьсю і ЗША зьменшыўся ў чатыры разы.

Лібэралізацыя 2008 году таксама паспрыяла замарожваньню санкцыяў у дачыненьні да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім» — ААТ «Лякафарба» і «Полацак-Шкловалакно» да канца траўня 2011 году. Усе астатнія санкцыі ЗША, уведзеныя ў дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім», заставаліся ў сіле з-за адсутнасьці прагрэсу ў пытаньнях правоў чалавека і з-за няспынных абмежаваньняў асноўных свабодаў у краіне.

У жніўні 2010 году Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць двух беларускіх банкаў, якія маюць іранскі капітал, — ЗАТ «Онэрбанк» і «Банк гандлёвы капітал» (кароткая назва — «ГК Банк»). Санкцыі былі ўхваленыя ў сувязі з іранскай ядзернай праграмай.

Пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году і разгону Плошчы, у студзені 2011 году Эўразьвяз аднавіў прыпыненыя ў 2008 годзе візавыя санкцыі ў дачыненьні да беларускіх функцыянэраў і дадаў у чорны сьпіс новых асоб. Санкцыі закранулі 158 прадстаўнікоў рэжыму ўлучна з прэзыдэнтам Лукашэнкам і двума ягонымі сынамі. Замарожаныя таксама банкаўскія актывы гэтых асобаў.

У рашэньні Рады Эўразьвязу зазначалася: «Гэтыя абмежаваньні і сьпіс ахопленых імі асобаў будуць адкрытыя і ўвесь час будуць пераглядацца. Рада ЭЗ падкрэсьлівае, што ў гэтым сэнсе ключавое значэньне будзе мець тое, ці будуць вызваленыя і ўсе, хто затрыманы з палітычных прычынаў, і ці будуць зь іх зьнятыя ўсе абвінавачаньні».

31 студзеня 2011 году Злучаныя Штаты ўсьлед за аналягічным крокам Эўразьвязу таксама ўвялі свае санкцыі супраць Беларусі ў зьвязку з разгонам акцыяў пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Амэрыканскія санкцыі прадугледжвалі пашырэньне колькасьці беларускіх урадоўцаў, на якіх распаўсюджваюцца візавыя і фінансавыя абмежаваньні, і аднаўленьне мараторыю на дзелавое супрацоўніцтва зь дзьвюма філіямі канцэрну «Белнафтахім».

11 лютага 2011 году набылі моц эканамічныя санкцыі Злучаных Штатаў Амэрыкі ў дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў ААТ «Лідзкая лякафарба» і ААТ «Полацак-Шкловалакно».

У траўні 2011 году Рада Эўрапейскага Зьвязу ўхваліла пашырэньне санкцыяў супраць беларускіх уладаў. Колькасьць неўязных у Эўразьвяз службоўцаў рэжыму Лукашэнкі вырасла на 13 і дасягнула 189.

У сакавіку 2011 году ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускага дзяржаўнага канцэрну «Беларуснафта» — за яго дзейнасьць у Іране.

У жніўні таго ж году Міністэрства фінансаў ЗША выдалі загад аб увядзеньні эканамічных санкцыяў супраць 4 беларускіх прадпрыемстваў — «Белшына», «Гродна-Азот», «Гродна-Хімвалакно» і «Нафтан». Грамадзянам ЗША былі забароненыя любыя камэрцыйныя зьдзелкі з гэтымі прадпрыемствамі, а любыя актывы гэтых прадпрыемстваў у ЗША, калі яны існуюць, замарожваліся.

Офіс прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША тады выступіў з камэнтаром пра новыя эканамічныя санкцыі Вашынгтону супраць афіцыйнага Менску: «Мы працягваем заклікаць урад Беларусі да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. Санкцыі ЗША не накіраваныя супраць беларускага народу. Узмацненьне падтрымкі народу Беларусі ў дзейнасьці, накіраванай на пабудову сучаснага, дэмакратычнага і квітучага грамадзтва, заўсёды было неад’емным кампанэнтам палітыкі ЗША».

У траўні 2011 году ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць кампаніяў «Белтэхэкспарт» і «БелОМА».

У чэрвені 2011 году да эканамічных санкцыяў перайшоў і Эўразьвяз.

20 чэрвеня Рада Эўразьвязу ўхваліла новыя абмежавальныя захады супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня. Пад эканамічныя санкцыі трапілі тры фірмы, якія кантралюе бізнэсовец Уладзімер Пефціеў: кампанія «Белтэхэкспарт», што займаецца продажам зброі, апэратар лятарэй «Спорт-пары» і прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «БТ Тэлекамунікацыі». Апрача таго, быў зацьверджаны сьпіс забароненых на продаж у Беларусь тавараў, якія могуць выкарыстоўвацца для ўнутраных рэпрэсіяў — узбраеньні, паліцэйская амуніцыя, спэцмашыны, выбухоўка, прыборы начнога бачаньня і іншае.

23 сакавіка санкцыі Эўразьвязу пашырыліся, ахапіўшы яшчэ 29 кампаній, якія належаць алігархам Уладзімеру Пефціеву, Анатолю Тарнаўскаму і Юрыю Чыжу, і 12 асобаў — судзьдзяў, пракурораў, бізнэсоўцаў, якія, паводле ЭЗ, адказныя за парушэньні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, а таксама падтрымліваюць уладу Лукашэнкі або зьяўляюцца яе бэнэфіцыярамі.

У высновах Рады ў справе Беларусі ад 23 сакавіка гаварылася: «Дзеля таго што палітычныя зьняволеныя дагэтуль ня вызваленыя і не рэабілітаваныя, і на фоне далейшага пагаршэньня сытуацыі, Рада вырашыла вызначыць дадатковы сьпіс асобаў, адказных за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека і за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, да якіх будуць ужытыя візавыя абмежаваньні і замарожваньне ўкладаў. Рада таксама вырашыла ўключыць у сьпіс бізнэсоўцаў і кампаніі, якія маюць прыбытак дзякуючы рэжыму або падтрымліваюць яго. Было дамоўлена, што сьпіс будзе пашырацца на наступных паседжаньнях Рады, пакуль у Беларусі ня будуць вызваленыя ўсе палітзьняволеныя. Сьпіс асобаў і фірмаў, да якіх ужываюцца абмежавальныя захады Эўразьвязу, застаецца адкрыты і будзе ўвесь час пераглядацца».

На сёньня эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць супраць 32 кампаніяў, якія належаць набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцам Юрыю Чыжу, Уладзімеру Пефціеву і Анатолю Тарнаўскаму, і 227 асоб (на чале з Лукашэнкам), якім забаронена выдаваць эўрапейскія візы і чые актывы на тэрыторыі Эўразьвяўзу павіны быць замарожаныя.

Пэрсанальныя візавыя і маёмасныя санкцыі ЗША супраць прадстаўнікоў беларускіх уладаў дзейнічаюць з 16 чэрвеня 2006 году, тады пад іх падпалі 10 чалавек на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэты сьпіс пашыраўся паралельна з эўрапейскім сьпісам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG